Беларусь ператварылася ў вялізную святочную пляцоўку

3 июля 2014

Народныя гулянні па краіне пачаліся з самай раніцы. Толькі ў Мінску каля паўсотні святочных пляцовак. Кожная па-свойму арыгінальная. Тут і шоу аніматараў, і паказы мод, і спаборніцтвы па сілавым экстрыме і нават сярэдневяковыя баталіі. Акрамя гэтага, арганізатары падрыхтавалі вялізную колькасць майстар-класаў. Атмасфера свята адчуваецца ў кожным кутку краіны.



Кацярына Шыбко пра самыя яркія моманты гулянняў у Беларусі.


Выстаяць і не пусціцца ў скокі было проста немагчыма. З самай раніцы ў сталіцы адчувалася атмасфера свята. А ў Лошыцкім парку яна яшчэ і ў Сярэдневякоўе гасцей пераносіла.



Самых маленькіх тут забаўлялі аніматары. А ў парку Перамогі для дзятвы сканструявалі цэлы дзіцячы гарадок. З такой казкі выходзіць не хацелася нават дарослым. Усяго толькі ў Мінску каля паўсотні мерапрыемстваў. Гэта значыць у кожным раёне каля шасці святочных пляцовак.



Кожная пляцоўка па-свойму арыгінальная. Вялізная колькасць майстар-класаў. Тут, напрыклад, цырульнікі дэманструюць самыя модныя прычоскі з пляценнем, крыху далей можна атрымаць бясплатную медыцынскую кансультацыю: памераць ціск, даведацца індэкс масы цела і нават пры неабходнасці атрымаць накіраванне да тэрапеўта.



Сюрпрыз гасцей чакаў і ў парку Горкага. Там гулянні з нацыянальным каларытам. Больш за тое, тыя, хто прыйшоў у беларускім касцюме, змаглі бясплатна пакатацца на атракцыёне.



Трапіць на гэты атракцыён у Гомелі было больш за ўсё ахвотнікаў. Сёння там запусцілі новае кола агляду. Убачыць святочны горад з вышыні 30 метраў можна да позняга вечара.



Падарунак сёння атрымалі і жыхары Гродна. Там адкрылі аўтамабільны рух па новым участку дарогі.


У Магілёве цэнтрам афіцыйных урачыстасцяў па традыцыі стала Буйніцкае поле, у Віцебску - галоўная плошча горада. А ў самым паўднёвым рэгіёне нашай краіны больш за ўсё беларусаў і гасцей у гэты дзень ля мемарыяльнага комплексу Брэсцкая крэпасць-герой. Гэта асаблівае месца для кожнага. Вянкі і кветкі ля Вечнага агню як сімвал памяці і падзякі за мір.


Пра тую перамогу сёння вечарам, праз 70 гадоў, у беларускай сталіцы нагадае доўгачаканы ваенны парад і, вядома, салют. Але спачатку як сімвал дабра ў мірнае неба ўзляцяць галубы.