Беларусь рыхтуецца да святкавання Дня Незалежнасці

11 июня 2013
Ужо сёння прайшла маштабная трэніроўка пешых удзельнікаў шэсця. Больш за 3 тысячы вайскоўцаў адточвалі крок на страявым пляцы Ваеннай камендатуры ў Мінску. Сярод удзельнікаў шэсця па традыцыі маршыравалі сувораўцы, дэсантнікі, курсанты Ваеннай акадэміі. Паводле слоў афіцэраў, гледачоў чакае нямала сюрпрызаў. Адным з галоўных стане, вядома, выступленне роты ганаровай варты. Са слоў камандзіра, віртуозы ў пагонах ужо падрыхтавалі больш за дзясятак новых элементаў, якія, як заўсёды, будуць адрознівацца складанасцю і відовішчнасцю.

Якім будзе шэсце колеру хакі - даведаўся Аляксандр Савенка.

Больш за 3 тысячы вайскоўцаў сёння адточвалі крок на страявым пляцы Ваеннай камендатуры ў Мінску. Вядома, пад чуткім кіраўніцтвам. На пляцы ўсё бачна - хто нагу слаба цягне, хто са зброяй у руках халтурыць. На 3 ліпеня ніхто з ветэранаў такой слабіны не даруе. Таму толькі на тыдзень у байцоў па 2 шматгадзінныя трэніроўкі.

Іван Гардзейчык, першы намеснік Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь:
З набліжэннем Дня Незалежнасці мы будзем глядзець, наколькі мы будзем гатовыя. Можа быць, прыйдзецца кожны дзень. Можа, па некалькі разоў на дзень. Бліжэй да парада мы будзем ацэньваць, як мы павінны ажыццяўляць трэніроўкі.

Сярод удзельнікаў шэсця па традыцыі маршыруюць сувораўцы, дэсантнікі, курсанты Ваеннай акадэміі, афіцэрскі склад. Асаблівая ўвага - да гэтых байцоў.
Гледзячы на гэтых хлопцаў, сапраўды разумееш, наколькі было цяжка тым маладым хлопцам, якія абаранялі нашу Радзіму. Гэта - франтавая каробка. Усе вайскоўцы ў ёй апранутыя ў форму, аналагічную той, якая была ў Вялікай Айчыннай.

Спецыялісты палічылі, што за ўсе трэніроўкі хлопцам з франтавой каробкі даводзіцца прайсці адлегласць, напрыклад, ад Мінска да Барысава - дзесьці 70 кіламетраў. І ўсё гэта ў поўнай амуніцыі і з поўнай аддачай. На нагах - цяжкія боты, у руках - аўтаматы ППШ, каскі, плашчы. Ветэраны сапраўды застануцца задаволеныя. Наша моладзь таксама можа і яшчэ як.


А вось Ягор з Мазыра ў парадзе будзе ўдзельнічаць першы раз. Місія ганаровая - ён прадстаўляе сілы спецыяльных аперацый. Перад камерай зараз трохі хваляваўся, але да парада абяцаў выправіцца.

Ад 185 і вышэй. Хлопцы-прыгажуны - твар нашай арміі. Рота ганаровай варты - падраздзяленне вядомае, таму і сюрпрызаў ад іх чакаюць больш, чым ад іншых. Іх выступлення на 3 ліпеня кожны год чакаюць мільёны вачэй. Са слоў камандзіра, яны не падвядуць. Віртуозы ў пагонах ужо падрыхтавалі больш за дзясятак новых элементаў, якія, як заўсёды, будуць адрознівацца складанасцю і відовішчнасцю.

Галоўныя падзеі ў падрыхтоўцы вайскоўцаў да Дня Незалежнасці выпадаюць на канец чэрвеня. Чакаецца, што генеральныя трэніроўкі парада пройдуць 27-га і 29-га на скрыжаванні сталічных праспектаў Пераможцаў і Машэрава. Па традыцыі чаканіць крок маладыя байцы будуць ужо пад гукі ваеннай тэхнікі.