Беларусь без візы наведалі ўжо паўтысячы іншаземцаў

15 февраля 2017

У Беларусі працягвае дзейнічаць рэжым бязвізавага ўезду. Менш як за 4 дні нашу краіну наведалі ўжо 516 чалавек - гэта інфармацыя на 17 гадзін. Сярод гасцей грамадзяне амаль з 40 краін. Сярод актыўных наведвальнікаў - немцы, палякі, італьянцы, літоўцы і англічане. У лідарах, паводле звестак Дзяржпагранкамітэта, па-ранейшаму Германія. 91 чалавек прыехаў да нас без візы з гэтай краіны. З Польшчы бязвізавым рэжымам скарысталіся больш за 80 чалавек. Ёсць госці з Мальты, Ірландыі, Індыі, Грэцыі.

Антон Бычкоўскі, афіцыйны прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта Беларусі:

"Пагранічны кантроль ажыццяўляецца ў звычайным рэжыме. Працэдура займае літаральна некалькі хвілін. Праблемных пытанняў, у тым ліку з замежнымі грамадзянамі гэтай катэгорыі, не ўзнікала. Характэрна, што ў лідары наведвальнікаў у бязвізавым парадку прабіліся грамадзяне Польшчы і Літоўскай Рэспублікі".

5-дзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін пачаў дзейнічаць у Беларусі ў нядзелю. Чакаецца, што да выхадных паток турыстаў узрасце.