Барэльеф лётчыка Рыгора Яўсейчыка адкрылі ў Мінску

1 декабря 2016

У гады Другой сусветнай ён і сам лятаў у тыл праціўніка, і дапамагаў у падрыхтоўцы лётчыкаў-дэсантнікаў савецка-французскага авіяпалка "Нармандыя-Нёман". Ветэран Вялікай Айчыннай  палкоўнік Рыгор  Яўсейчык, узнагароджаны  ордэнам Чырвонага сцяга, двума ордэнамі Чырвонай зоркі, ордэнам Вялікай Айчыннай вайны  першай ступені і  дзевятнаццаццю медалямі, пасляваенныя паўстагоддзя пражыў у Мінску па адрасе  Кальцова, 32. Сёння тут адкрылі кампазіцыю ў памяць аб лётчыку і патрыёце. Стварэнне і ўсталяванне барэльефа легендарнага франтавіка і  выявы яго баявога самалёта - ініцыятыва родных і сяброў палкоўніка Яўсейчыка, якую падтрымалі гарадскія ўлады, а таксама французскае  таварыства  дружбы "Невер-Мінск".

 Ганна Пялецкая, удава палкоўніка Рыгора Яўсейчыка: "Мэта мая была толькі каб пра яго доўга памяталі. Калі чалавека памятаюць, ён жыве, таму я ў краязнаўча-патрыятычны музей на яго радзіме ў Сычыкаве здала ўсе яго ўзнагароды:  і спартыўныя, і ваенныя.  Там, у Сычыкаве, Рыгор  Антонавіч пачаў спазнаваць  вышыні неба, на планеры былі першыя палёты. І там будзе стацыянарная экспазіцыя, каб школьнікі вучыліся, моладзь".

Рыгор Яўсейчык і пасля вайны праявіў подзвіг самаахвярнасці і служэння лётнай справе. Выпрабавальнік парашутнай тэхнікі і катапультаў рэактыўных самалётаў, начальнік парашутна-дэсантнай і выратавальна-аварыйнай службаў, Рыгор Антонавіч зрабіў каля 6 тысяч скачкоў з парашутам і падрыхтаваў не адно пакаленне беларускіх авіятараў і дэльтапланерыстаў.