Арт-выстава мясцовых мастакоў "Барысаўскі каларыт" у галерэі "З'ява"

4 января 2022

Арт-галерэя "З'ява" раённай цэнтральнай бібліятэкі прэзентавала работы мясцовых мастакоў, напісаныя ў 2021-м. 60 новых палотнаў прадстаўляюць розныя жанры і кірункі, тэмы і вобразы. "Барысаўскі каларыт" убачыла Наталля Бардзілоўская.

Мастак-баталіст Уладзімір Сайко, вядомы сваёй цікавасцю да ваеннай, гістарычнай тэматыкі. Апошнюю са сваіх работ прысвяціў не толькі Барысаву і невыпадкова - часам Першай сусветнай вайны. Падзея, якая ўсхвалявала графіка і жывапісца - сумная: напрыканцы мінулага года пайшоў з жыцця выдатны беларускі краязнавец, гісторык і калега-мастак Барыс Цітовіч. Яго асобу ведалі і паважалі многія. Своеасаблівы помнік сябру - у палатне і ўвасобіў Уладзімір Сайко. 

Партрэты, пейзажы, нацюрморты, жанравыя карціны. Класіка і поп-арт. Камерныя матывы і манументальныя творы. У выніковай выставе прынялі ўдзел 26 барысаўскіх мастакоў. 60 работ. Большасць па-свойму ўвасобілі тэматыку, зададзеную статусам мінулага года - Барысаў, як культурная сталіца. У карцінах - горад на Бярэзіне - старажытны і сучасны. Помнікі гісторыі і архітэктуры. Прыродныя краявіды і людзі, землякі-барысаўчане.

Праекту "Барысаўскі каларыт", як выніковаму агляду навінак ад тутэйшых мастакоў - 9 гадоў. Па традыцыі менавіта ён пачынае кожны новы выставачны год у бібліятэцы Барысава. 

Барысаўская раённая бібліятэка 

Барысаўская раённая бібліятэка - даўно ўжо не проста кнігасховішча: тут ёсць свае галерэі, выставачныя залы, пляцоўкі для інтэрактываў і шматлюдных сустрэч. Сама па сабе асветніцкі цэнтр, бібліятэка за год правяла каля ста імпрэз у межах статуса "Барысаў - культурная сталіца".

Акрамя праектаў, звязаных з культурнай сталіцай бібліятэка правяла чатыры з паловай тысячы мерапрыемстваў рознага кшталту. Сярод іх - 50 мастацкіх выстаў.

Год толькі пачаўся, а бібліятэчныя галерэі запрашаюць ужо на новыя выставы! Да ўвагі гледача - калекцыя вінтажных падсвечнікаў, дзіцячы малюнак і святочная калядная экспазіцыя.