Арт-паролі і новы культурны маршрут у рубрыцы "Праменад"

29 сентября 2023

"Музыка душы" - у Купалаўскім. Родныя мелодыі ў фармаце спектакля ад артыстаў аркестра акадэмічнага тэатра і яго акцёраў. Такое прысвячэнне Міжнароднаму дню музыкі. Ужо ў нядзелю - на сусветным календары. Як плануе святкаваць Белдзяржфілармонія? І што за "брутальны збор" на сценах Мастацкага музея? Новы культурны маршрут у "Праменадзе".

У нядзелю ёсць нагода здзьмуць пыл з любімых пласцінак, касет ці пасёрфіць па музычных сайтах. Альбо ўвогуле - купіць квіток у філармонію. Міжнародны дзень музыкі - на календары. Яго прыдумаў сам кампазітар Шастаковіч. Але сачыненні яго тут не пачуем. Паслязаўтра, на вялікім канцэрце, ён уступіць клавішы калегам.

Гэта найвышэйшы пілатаж: замахнуцца акордамі трансцэндэнтнага эцюда № 4, што на лісце стварыў Ліст. І ён прагучыць у канцэрце. Тут што не нумар - дзіва. Шаснаццаць рук на чатырох раялях адначасова. Ці... батл фартэпіяна і гітары.

Віртуозная і эфектная музыка - у праграме. На гэты раз без беларускіх прэм'ер, але шмат перакладаў і новых форм выканання. Цымбалы сыграюць мелодыі, напісаныя спецыяльна для фартэпіяна. Зараз ідуць рэпетыцыі. Распакоўваюць партытуры Расіні, Бетховена, Моцарта і Мінкова.

Тут Рахманінаў - заслужаны хэдлайнер, мы працягваем святкаваць 150-годдзе кампазітара.

Са сцэны філармоніі будуць гучаць мелодыі замежныя, але заўсёды ў вушах гучыць сваё, роднае. Шмат беларускіх мелодый сабраў у свой час фалькларыст Рыгор Шырма. Добрую партрэтную візітоўку зрабіў яму мастак Стэльмашонак. У мастацкім - яму прысвячэнне. Тут, у сценах музея. Там можна пабачыць і гэты партрэт.

Брутальны збор "сыноў зямлі беларускай". Акрамя фалькларыста Шырмы - палітык Адамовіч, пісьменнік Гарэцкі і старшыня калгаса Гаруля. "Анфас" на сценах Нацыянальнага мастацкага музея. Партрэты - пэндзля Уладзіміра Стэльмашонка. Сёлета народнаму мастаку БССР споўнілася б 95 гадоў. Ад рэаліста да "народнага іканапісца". Шлях паказалі на новай выставе.

Адкрыццё ў гэтыя хвіліны. 22 працы распакавалі з фондаў карціннай галерэі. Сустракаюць эстэтаў і "Маладыя будаўнікі Мінска". Гэта дыпломная праца майстра.

У мастацкім - пантэон дзеячаў, адны анфасы. А ў галерэі, што на Незалежнасці Мінска - партрэт. Цэнтр сучасных мастацтваў паказвае "Мінск несучасны". Шмат архіўных фота, большасць глядач не бачыў. А потым можна выйсці з галерыі і правесці аналіз: як было і як стала.  

Тут зафіксавана выключная архітэктура. Алічбоўка - ад аб'яднання фатографаў, Саюза архітэктараў, архіва кінафотафонадакументаў. Да Вялікай Айчыннай і пасля яе.

Сорак два здымкі, якія выклікаюць шмат асацыяцый, можна ўбачыць на працягу трох тыдняў.

Больш культурных явак і арт-пароляў - на сайце Белтэлерадыёкампаніі. Расказваем першымі пра прэм'еры кожную раніцу на тэлеканале "Беларусь 1".