Арэнднае жыллё ў Беларусі будзе падавацца дзяржслужачым толькі на перыяд працоўных адносін

19 ноября 2014

Указам Кіраўніка дзяржавы зацверджаныя катэгорыі асоб, якія могуць разлічваць на гэтыя кватэры. Акрамя таго, паводле праграмы па будаўніцтве жылля на наступны год, у нашай краіне плануюць узвесці пяць мільёнаў квадратных метраў, з іх палову з дзяржпадтрымкай. І вядома, асноўнае месца тут аддаецца арэнднаму жыллю. Падрабязней пра сітуацыю на рынку раскажа Вераніка Рымашэўская.


Кацярына ўвесь час сачыла за абнаўленнямі на сайтах раённых адміністрацый Мінска - там ёсць уся інфармацыя пра вольныя арэндныя кватэры. Трэба проста своечасова напісаць заяву. За паўгода сям'я Цярпіцкіх адчула відавочную выгаду такога жылля.


Кацярына Цярпіцкая, жыхар арэнднай кватэры: У нас плошча кватэры 66 квадратных метраў - гэта паўнавартасная двушка, за такую кватэру мы б аддавалі долараў 400-450, калі б здымалі. У мяне муж інжынер-канструктар, я ў дэкрэце, аддавалі б усю зарплату, пэўна.


А зараз плацяць усяго 1450000. Зрэшты, кошт арэнды залежыць ад месцазнаходжання дома. Кіраўніцтва Заводскага раёна распавяло нам пра цэны ў гэтай частцы сталіцы. Так, двухпакаёвая кватэра каля метро будзе каштаваць 2100000 рублёў. А, напрыклад, найменшая цана - каля мільёна.


Дзмітрый Гурыненка, намглавы адміністрацыі Заводскага раёна г. Мінска: У сярэднім на адну арэндную кватэру каля 15-20 заявак у нашай адміністрацыі, у Фрунзенскім раёне выстаўлялі 30 кватэр - было пададзена 3500 заяў.


Напярэдадні быў падпісаны ўказ, у якім зацверджаныя катэгорыі грамадзян, якія маюць першачарговае права атрымання арэнднага жылля на перыяд працоўных адносін.


Гэта суддзі, пракурорскія працаўнікі, а таксама дзяржслужачыя паводле пераліку пасад, вызначанага Прэзідэнтам Беларусі. Прыватызаваць арэнднае жыллё або пражываць у ім пасля звальнення недапушчальна.


Больш за палову кватэр размяркоўваюць паміж грамадзянамі, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Але ў такой чарзе ў Мінску каля двухсот трыццаці пяці тысяч чалавек.


І тут попыт у разы перавышае прапанову. А разам з папулярнасцю расце і патрэбнасць у арэндных дамах. Таму, нягледзячы на тое што ў 2015 у Мінску будаўніцтва жылля скароцяць на 10%, арэндных кватэр пабудуюць удвая больш, чым сёлета.


Арэндны фонд краіны перавышае 26000 кватэр. У новабудоўлях - каля 3500. Калі гаварыць пра сталіцу, дык тут пабудавалі больш як 700 арэндных кватэр, яшчэ амаль паўтары тысячы ў стадыі будаўніцтва. Акрамя таго, нарошчваць аб'ёмы ва ўрадзе плануюць за кошт прадпрыемстваў.


Аляксандр Горваль, начальнік упраўлення Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі: Пастаўленая задача, каб прыцягнуць рэсурсы арганізацый, прадпрыемстваў на аказанне дапамогі сваім працаўнікам для паляпшэння жыллёвых умоў, і рабіцца гэта будзе ў форме будаўніцтва арэнднага жылля.


Дарэчы, дагаворы на арэнду для агульнай катэгорыі грамадзян складаюць на 5 гадоў, але калі да жыхароў няма ніякіх прэтэнзій, карыстанне кватэрай можа стаць бестэрміновым.