Амерыканскія вайскоўцы прымуць удзел у парадзе ў Мінску

5 мая 2015

Пра гэта сёння заявілі ў Міністэрстве абароны Беларусі. Ужо заўтра ў нашу краіну прыбудзе аркестр Ваенна-паветраных сіл ЗША у Еўропе. Усяго 40 чалавек. 7 мая музыкантаў чакаюць у Брэсцкай крэпасці, а 9 - аркестр сыграе на парадзе ў сталіцы. Рэпертуар і нумары пакуль трымаюцца ў сакрэце і стануць эксклюзівам жывога выканання.

Уладзімір Макараў, начальнік упраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Міністэрства абароны Беларусі: "Дзень Вялікай Перамогі - гэта свята ўсіх людзей добрай волі. Гэта свята беларусаў, братоў-расіян і ўсіх людзей добрай волі. І тое, што гэта менавіта так, сведчыць той факт, што 6 мая ў Беларусь, у Мінск прыбывае аркестр Ваенна-паветраных сіл ЗША ў Еўропе".

Галоўныя канцэртныя пляцоўкі ў сталіцы сёлета размесцяцца каля Палаца спорту і ў парку Перамогі. Некаторыя цэнтральныя вуліцы стануць пешаходнымі. А ў 10 вечара неба над Беларуссю ўпрыгожыць святочны салют: у Мінску, Брэсцкай крэпасці і ўсіх абласных цэнтрах будуць дадзены 30 артылерыйскіх залпаў. 

Нагадаем, у месцах галоўных мерапрыемстваў з'явяцца дадатковыя пункты пропуску. Прайсці без чаргі змогуць ветэраны, пажылыя людзі і бацькі з дзецьмі. Акрамя таго, на самых масавых пляцоўках усталююць камеры захоўвання. Міліцыя, МНС і медыкі будуць працаваць ва ўзмоцненым рэжыме.