"Александрыя збірае сяброў" ужо 10 раз

6 июля 2019

Традыцыйна свята праходзіць на беразе Дняпра на Купалле. За гэтыя гады яно стала знакавай падзеяй не толькі для Магілёўшчыны, але і для краіны ў цэлым. У юбілейным сезоне міжнародны фестываль народнай творчасці радуе не толькі ахвотнікаў адшукаць папараць-кветку, але і ўсіх тых, хто любіць і шануе сваё - беларускае. Апошнія навіны з гасціннай александрыйскай зямлі даведаемся ў нашага карэспандэнта Веранікі Буты.

За 10 гадоў невялікі мясцовы форум вырас у міжнародны фестываль мастацтваў. А кірмаш народных умельцаў ператварыўся ў сапраўдны горад майстроў - сёлета тут прадстаўленыя рамёствы з сямі краін свету. Александрыя нібы культурны мост паміж народамі:  чарговы раз фестываль нагадвае і аб адзінстве славян, аб нашай агульнай гісторыі і традыцыях. Сувязным звяном фестывалю сотні гадоў з'яўляецца Днепр.

За гэтыя гады выстава народных умельцаў ужо стала візітнай карткай фестывалю. Стылізаваныя вуліцы, больш за кіламетр гандлёвых радоў. Апроч сувеніраў, зробленых сваімі рукамі, можна набыць і сувеніры ІІ Еўрапейскіх гульняў, якія менш як тыдзень таму завяршыліся ў Мінску. 

Афіцыйна свята адкрыецца ў 6 вечара, а зараз самы час акунуцца ў славянскія традыцыі і адправіцца на дэгустацыю. Нашы кухні хоць і падобныя, але ў кожнага народа ёсць і свае асаблівасці. Частуюць сёння тут дранікамі, халадніком, рускімі блінамі, купатамі, вядома, святочная пляцоўка напоўнілася пахам шашлыкоў - стравы на любы смак і па вельмі дэмакратычных цэнах. Асобнай неспадзеўкай стаў спецыяльна распрацаваны да юбілею хлебны квас пад назвай "Александрыя".

Цэнтральнай падзеяй, безумоўна, стане маштабны гала-канцэрт, лейтматыў якога - трылогія малой радзімы. Тут рыхтуюцца прыняць і беларускіх, і замежных зорак эстрады. Так, у Александрыі чакаюць Льва Лешчанку і Ціну Караль. Арганізатары адзначаюць вельмі вялікую цікавасць у гасцей, білеты на музычнае свята раскупілі ўсяго за пару дзён. 

У гэтыя дні гасцям Александрыі прапаноўваюць сумясціць музычнае свята з пазнавальным. Распрацаваныя спецыяльныя экскурсійныя маршруты: можна наведаць клас, у якім вучыўся беларускі Прэзідэнт, і пакаштаваць ваду з Трафімавай крыніцы. Бліжэй да вечара гасцей чакаюць цыркавое выступленне і шоу парашутыстаў, заўтра можна будзе даведацца сакрэты масажу і рэлакс-тэрапіі, усе выхадныя будуць праходзіць квесты і працаваць фотазоны. 

Праграма сапраўды насычаная - на любы густ і любы ўзрост. У маштабных гуляннях задзейнічаныя каля 2 000 артыстаў. Чакаюць на свяце больш за 80 000 гасцей. На час фестывалю пусцілі дадатковыя цягнікі і аўтобусы. Таму сардэчна запрашаем у Александрыю, вы яшчэ паспееце на наша свята!