Аляксандр Радзькоў наведаў Дзяржкамітэт судовых экспертыз

7 февраля 2014

Сёння першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта прыехаў да спецыялістаў, якія часам гавораць апошняе слова ў расследаванні крымінальных спраў. Падчас наведвання Дзяржкамітэта судовых экспертыз Аляксандр Радзькоў назваў іх працу ювелірнай. Яны могуць выратаваць ад кратаў невінаватага і не дазволіць застацца на волі злачынцу. Пра што яшчэ гаварылі на гэтай сустрэчы, раскажа Дзмітрый Лукша.



Пазбягаючы лішняга пафасу, можна сказаць, што работнікі менавіта гэтага цэнтра вырашаюць лёсы некаторых людзей. Часам адказам на такое складанае пытанне Вінаваты ці не? можа быць звычайная нітачка, пакінутая на месцы злачынства, або адпячаткі пальцаў. І толькі карпатлівая і прафесійная праца экспертаў можа вызначыць, ці парушыў чалавек закон.



Яшчэ год таму гэтыя людзі маглі сябе ўскосна называць калегамі. Яны рабілі адну справу, але ў розных падраздзяленнях. З 1 ліпеня 2013 года эксперты пачалі працаваць у адным ведамстве. І служба разам дала вынік. Якасць экспертыз значна палепшылася. У гэтым сёння змог пераканацца Аляксандр Радзькоў. Першаму намесніку кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта прадэманстравалі найноўшае абсталяванне, якое ў поўнай меры дапаўняе тандэм прафесіяналаў.


Сёння камітэт здольны праводзіць каля 120 відаў экспертыз як у сценах ведамства, так і за яго межамі. Як вынік - зараз тэрмін даследавання значна скараціўся. Сінтэз часу і якасці дазваляе з упэўненасцю і без памылак вызначаць лёс чалавека.


Аляксандр Радзькоў, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі: Грамадства павінна быць упэўненае, што тут спецыялісты на добрым узроўні, прыборным узроўні, інтэлектуальным узроўні, спецыяльным узроўні. Гэтую базу суддзі або следчаму перададуць. Яны шмат у чым забяспечваюць упэўненасць чалавека, што калі ён правільна сябе паводзіць і ён годны грамадзянін, то ён у бяспецы. А тут ужо ідэалогія існавання грамадства.


Пра ўніверсальнасць маладога падраздзялення гавораць і некаторыя лічбы. Штогод эксперты выносяць каля 350 тысяч заключэнняў. Гэтаму факту асаблівую ўвагу надаў Аляксандр Радзькоў. Неабходна памятаць, што за кожнай справай стаіць канкрэтны чалавек. Тайная запаведзь Не нашкодзь абавязаная быць у аснове службы. Менавіта гэта і дазволіць прытрымлівацца статусу самай бескампраміснай, але справядлівай структуры нашай краіны.