Акцыя "Нашы дзеці" ў Наваполацку

20 декабря 2019
Сёння старшыню Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу  Наталлю Качанаву - як добрага сябра - сустракалі выхаванцы Наваполацкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Канцэрт, падарункі, ёлка - гэты дзень стаў сапраўднай  падзеяй і для бацькоў, чые дзеці праводзяць тут большую  частку часу.

Аддзяленне дзённага знаходжання наведваюць 53 чалавекі - гэта маладыя людзі, якім патрэбна падтрымка і апека кожную хвіліну. Тут яны вучацца спяваць і іграць  на музычных інструментах. Ёсць майстэрня, дзе самі робяць сувеніры з керамікі, а ў свячной майстэрні ў пярэдадзень  Новага года наладзілі выпуск дэкаратыўных свечак. Сёлета аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў адзначыла дзесяцігоддзе. Дарэчы, адкрыта  яно было па рашэнні Наталлі Качанавай - тады мэра Наваполацка. Таму тут яна заўсёды - жаданы госць.

Наталля Качанава, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу  Беларусі: "Я сёння з вялікай радасцю тут, у гэтым цэнтры, таму што калісьці дзесяць гадоў назад мы яго стваралі. І я ўбачыла тых дзяцей, якія сёння тут. Я ўбачыла іх дасягненні, нягледзячы на тое, што яны маюць праблемы са здароўем, але яны цікавыя, яны кожны  раз віншуюць мяне з Новым годам, перадаючы маленькія сувенірчыкі, зробленыя сваімі рукамі. Гэта непадкупна, гэта непадробна, гэта шчыра". 

Усе выхаванцы атрымалі салодкія падарункі, а Наталля Качанава перадала аддзяленню сертыфікат на спартыўныя трэнажоры.