Акцыя "Беларусь памятае" набывае сапраўдны ўсенародны характар

9 мая 2019

У Беларусі няма ніводнай сям'і, у якой бы вайна не пакінула свой след. І сёння мы ўсе разам аддаем даніну памяці і ганарымся нашымі роднымі і блізкімі, якія цаной свайго жыцця абаранілі нашу волю і незалежнасць, дзякуючы ім мы жывем пад мірным небам і можам ганарліва зваць сябе пакаленнем пераможцаў.

Акцыя "Беларусь памятае" набывае сапраўдны ўсенародны характар. Да яе далучыліся і далучаюцца ў сацсетках сотні і тысячы людзей. Толькі ў "Інстаграме" ўжо больш за 2000 публікацый. Алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава апублікавала фота сваіх бабулі і дзядулі, якія разам прайшлі ўсю вайну. Вікторыя Азаранка напісала, што ганарыцца сваім дзедам, які дайшоў да Берліна. Лёгкаатлетка Марына Арзамасава, біятланісткі Ірына Крыўко і Надзея Скардзіна, міс Беларусь Марыя Васілевіч, акцёры, папулярныя выканаўцы, іншыя вядомыя людзі краіны. Пра сваіх блізкіх распавялі і нашы калегі журналісты, а таксама сотні і сотні беларусаў. Акцыя падоўжыцца да Дня Незалежнасці 3 ліпеня - сёлета гэта асаблівая дата, бо наша краіна адзначыць 75-годдзе вызвалення. Ва ўсіх ахвочых ёсць магчымасць далучыцца, таму што ў кожнай сям'і ёсць свая гераічная гісторыя. Мы ганарымся, мы памятаем!