Актыўны ўдзел у барацьбе з пандэміяй прымае Беларускі Чырвоны Крыж

14 мая 2020
Ад закупкі масак, бескантактавых тэрмометраў і антысептыкаў да дапамогі самотным пажылым, арганізацыі збору сродкаў і іх правільнага размеркавання. Актыўны ўдзел у барацьбе з пандэміяй прымае Беларускі Чырвоны Крыж. У наступным годзе ён адзначыць векавы юбілей. Якія функцыі сёння выконвае арганізацыя і якія задачы перад сабою ставяць валанцёры і сёстры міласэрнасці, ведае Ксенія Лебедзева.

Чырвоны Крыж у барацьбе з пандэміяй

Старшыні ўсе на месцы - 18 раёнаў працуе. Атрымліваем 10 тыс. касцюмаў ахоўных, таму падзелімся. Пагадненні складзеныя са 141 валанцёрам. 20 камплектаў ахоўных накідак - халатаў, 15 рэспіратараў для Шаркаўшчынскай ЦРБ, Дубровіцкай ЦРБ. 

З такой пераклічкі пачынаецца дзень Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Падчас пандэміі дастаўляюць прадукты харчавання, прадметы першай неабходнасці, лекавыя сродкі,  набытыя на ахвяраванні неабыякавых. 

Соф'я Ярох, сястра Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа: "І ў суботу прыходзіш, таму што просяць, таму што трэба. Я ўжо прывыкла, спрацавалася".

Соф'я Іванаўна, нягледзячы на тое што сама ўжо амаль 20 гадоў пенсіянерка, медсястра са стажам і не можа спыніцца дапамагаць. Сёння ў Беларусі 830 000 самотных людзей. Найболей уразлівыя тыя, хто страціў сямейныя сувязі: іх больш за 100 000. У службе паўтары сотні сясцёр міласэрнасці - усе спецыялісты з медадукацыяй. Сваё прызванне знайшла ў дапамозе тым, хто мае ў ёй патрэбу, і  Таццяна Сязанава. Пасля 16 гадоў па-за медыцынай вярнулася ў прафесію свядома.

Таццяна Сязанава, сястра Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа: "Гэта было пытанне сэнсу жыцця. Жаданне аддаваць, дапамагаць. Ты жывеш, каб пакінуць след на зямлі".

Месяц таму колькасць падапечных павялічылася: дома застаюцца кантакты першага-другога ўзроўню і асобы з лёгкімі прыкметамі COVID-інфекцыі - у іх таксама ёсць запыт на дапамогу. 

Дапамога медыкам

Вольга Мычко, генеральны сакратар Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа: "Запыты ідуць на дапамогу нашым медыцынскім работнікам у забеспячэнні прадуктамі харчавання. Злучаем асоб, якія могуць: рэстаранны бізнес, сталовыя або проста фізасобы, якія хочуць быць карыснымі. У сродках абароны, ідзе шмат запытаў па забеспячэнні вадой бутыляванай, зноў жа тара павінна быць індывідуальная".

Беларускаму Таварыству Чырвонага Крыжа - 100 гадоў

Італьянская вёсачка Сальферына ў 1859 годзе ўвайшла ў гісторыю не толькі як поле бою аўстра-італа-французскіх войскаў, але і як поле, дзе ўзышло зерне Чырвонага Крыжа.

Выпадковым сведкам бітвы аказаўся швейцарскі бізнесмен і пісьменнік Анры Дзюнан. Яго ўзрушылі карціны кровапраліцця і чалавечых пакут. Тут жа ў мясцовай царкве ён адкрывае шпіталь, каб хоць неяк дапамагчы параненым. Гуманітарная місія набыла міжнародны маштаб - у наступным годзе Беларускаму Чырвонаму Крыжу споўніцца 100 гадоў.

Ад дапамогі пажылым да прадухілення надзвычайных сітуацый

У залежнасці ад краіны мяняюцца і задачы. У Беларусі падтрымліваюць самотных, рэагуюць на надзвычайныя сітуацыі - працуюць з МНС, аднаўляюць сямейныя сувязі, калі абарваліся праз узброеныя канфлікты, іміграцыю або прыродна-тэхнагенныя катастрофы. 

Ідаэль Герэра Менгана, спецыяліст па аднаўленні сямейных сувязяў і вышуку Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа: "Зараз пачасціліся запыты, калі ўнукі загінуўшых ад імя сваіх бацькоў звяртаюцца да нас, каб высветліць, што здарылася з іх роднымі, бо ім пра гэта часта распавядалі, але хтосьці не вырашаўся звяртацца, хтосьці не ведаў куды. Зараз нашчадкі бяруць справу ў свае рукі і спрабуюць давесці да канца".

Працуе інфалінія Чырвонага Крыжа

Віталь Тарашкевіч, начальнік аддзела па рэагаванні на НЗ і вышуку Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа: "Тут у нас знаходзіцца інфалінія Чырвонага Крыжа. Нумары 201, калі з мабільнага тэлефанаваць, і 122 -  са стацыянарнага. Лінія была арганізаваная для людзей, якія шукаюць псіхасацыяльную падтрымку, для інфармавання і атрымання нейкіх паслуг".

Палова тых, хто тэлефануе, хочуць проста пагаварыць. Бо ў ізаляцыі знаходзіцца старэйшае пакаленне, для іх вельмі важна жывая мова і ўменне слухаць. 

Дапамога бяздомным

Мы ўжо развозілі ў дом для асоб без вызначанага месца жыхарства раскладушкі, а сёння павязём антыбактэрыяльнае мыла. 

Гэты груз для дома начнога знаходжання. Там на сталай аснове зараз пражывае каля 100 чалавек. Ім таксама патрэбна дапамога, каб захаваць сваё здароўе і здароўе іншых.