Агракласы адкрыліся ў сельскай мясцовасці

6 октября 2018

Знаёмства са спецыфікай аграрных прафесій - яшчэ да паступлення! Такая магчымасць з'явілася ў беларускіх школьнікаў у новым навучальным годзе дзякуючы агракласам. Адкрыліся яны ў сельскай мясцовасці. І больш за ўсё ў Магілёўскай і Віцебскай абласцях. Падчас тэарэтычных і практычных заняткаў патэнцыяльныя аграномы і ветэрынары наведаюць лепшыя гаспадаркі краіны. Дзейнічае ў Віцебскай вобласці і гурток “Трактарная справа”. Прычым, занятак у кабіне трактара зацікаўленасць выклікае не толькі у юнакоў, але і ў дзяўчат. У гэтым пераканалася Марына Раманоўская.

Вучні Суражскай школы яшчэ да канікул вырашылі, што ў новым навучальным годзе абавязкова запішуцца ў гурток “Трактарная справа”. Многіх даўно зацікавіў гэты занятак па інтарэсах. Але прымаюць сюды толькі з чатырнаццаці гадоў. Таму некаторыя да гэтага былі ў ліку гледачоў. Зараз не прапускаюць ніводнага занятку. Тэорыю дзеці вывучаюць у кабінеце, а практыку - у кабіне трактара. Цікавыя навіны аб гуртку школьнікі публікуюць на старонцы ў Інтэрнэце.

Заняткі праходзяць па суботах. Гурток праводзіць выпускнік Суражскай школы Ігар Майсееў. Майстар-клас паказвае і Віктар Дзмітрыеў. Зараз ён на заслужаным адпачынку, але пра школу, дзе працаваў шмат гадоў, не забывае. Практыкуюцца вучні на школьнай тэрыторыі. Гурток аб’ядноўвае і хлопцаў, і дзяўчат. Школьнікі ўпэўненыя, такая практыка абавязкова спатрэбіцца ў жыцці. Тым больш, што большасць выпускнікоў школы выбіраюць аграрную сферу.

Бачаць сябе спецыялістамі АПК і многія вучні Варонаўскай сярэдняй школы. У новым навучальным годзе тут адкрыўся аграклас. У дзяцей з’явілася магчымасць падрабязна азнаёміцца з сельгаспрафесіямі яшчэ да паступлення ў ВНУ.

Азы сельгаспрафесій дзеці асвойваюць па ўсёй краіне. Агракласы дзейнічаюць у сельскай мясцовасці. Толькі ў паўночным рэгіёне краіны такіх адкрылася больш за дваццаць.

Падчас заняткаў школьнікі паглыблена знаёмяцца з асновамі аграрных прафесій. Асаблівая ўвага - практыцы. Запланаваны экскурсіі і семінары. Будучыя спецыялісты аграпрамысловага комплексу таксама пабываюць на майстар-класах у лепшых гаспадарках.

У ветакадэміі прайшоў Дзень адкрытых дзвярэй. Сярод яго наведвальнікаў і вучні Воранащскай школы. Плануюць яны наступную паездку. Абітурыентам, якія ведаюць аснову будучай спецыяльнасці, аграрныя ВНУ рады. Бо выпускнікі агракласаў прыйдуць не толькі з запасам ведаў, але і з усвядомленым жаданнем - прысвяціць жыццё працы ў сельскай гаспадарцы.