Адміністрацыя Прэзідэнта Беларусі працягвае выязныя прыёмы грамадзян у рэгіёнах

1 апреля 2019

Гэта сёння адна з самых зручных і запатрабаваных форм працы сярод насельніцтва, якая дазваляе не толькі даведацца і вырашыць праблемныя пытанні грамадзян, але і непасрэдна ажыццявіць маніторынг сітуацыі на месцах - ацаніць працу мясцовай вертыкалі ўлады. Працу са зваротамі грамадзян на пастаянным кантролі трымае Прэзідэнт. Чарговыя сустрэчы запланаваныя з 2 па 5 красавіка. І гэты выязны прыём будзе асаблівым. Прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта правераць, як мясцовыя ўлады вырашаюць пытанні, якія жыхары раёнаў накіравалі ў БелТА падчас акцыі "Ваша пытанне Прэзідэнту" пры падрыхтоўцы і правядзенні "Вялікай размовы з Прэзідэнтам".

Так, 2 красавіка намеснік начальніка галоўнага эканамічнага ўпраўлення, начальнік упраўлення развіцця рэгіянальнага патэнцыялу Святлана Скалабан правядзе прыём у Нясвіжскім райвыканкаме.

Памочнік Прэзідэнта Аляксандр Косінец 3 красавіка сустрэнецца з грамадзянамі ў Барысаўскім райвыканкаме.

На 4 красавіка запланаваны прыём грамадзян у Драгічынскім райвыканкаме. Сустрэчу правядзе памочнік Прэзідэнта - інспектар па Брэсцкай вобласці Анатоль Маркевіч. У Мазырскім райвыканкаме ў грамадзян будзе магчымасць пагутарыць з памочнікам Прэзідэнта - інспектарам па Гомельскай вобласці Юрыем Шулейкам. Зрабіць гэта можна будзе па тэлефоне і на асабістым прыёме.

Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Жаўняк  5 красавіка правядзе прыём грамадзян у Сенненскім райвыканкаме. Плануецца, што ў гэты ж дзень памочнік Прэзідэнта - інспектар па Гродзенскай вобласці Іван Лаўрыновіч - правядзе ў Астравецкім райвыканкаме прамую тэлефонную лінію і асабісты прыём. Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, начальнік упраўлення пісьмовых і электронных зваротаў Крысціна Побаль сустрэнецца з грамадзянамі ў Дрыбінскім райвыканкаме.

Запісацца на прыём можна па тэлефонах аддзелаў па працы са зваротамі грамадзян адпаведных выканаўчых камітэтаў. Выязныя прыёмы працягнуцца пасля 7 красавіка.