А. Турчын павіншаваў ветэрана Вялікай Айчыннай вайны з Днём Перамогі

6 мая 2021

Ветэранам Вялікай Айчыннай вайны ў гэтыя дні павышаная ўвага і клопат. У кожным рэгіёне Мінскай вобласці і самой сталіцы іх віншуюць з Днём Перамогі. Цёплыя словы сёння пачуў адзін з самых знакамітых франтавікоў, уладальнік дзясяткаў узнагарод за абарону Радзімы, ардэнаносец і ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці Аляксандр Слабада. Да яго завітала дэлегацыя з губернатарам цэнтральнага рэгіёна. Аляксандр Турчын уручыў славутаму салдату кошык з пачастункамі, кветкі і сімвалічны падарунак: макет аўтамата ППШ, які нагадвае ветэрану аб яго гераічным мінулым. У 1940-х Слабада быў камандзірам роты аўтаматчыкаў і разведчыкам. На яго боявым рахунку дзясяткі баёў: пад Бялынічамі і на Буйніцкім полі, пад Вязьмай і Падольскам. За абарону Масквы  атрымаў свой першы ордэн.

Губернатар спадзяецца на сустрэчу з ветэранам летам: у жніўні Аляксандру Іванавічу споўніцца 101 год. Сёння ў вобласці пражываюць каля паўтысячы ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Да Дня Перамогі усе яны атрымаюць віншаванні і падарункі.