А. Лукашэнка: Беларуская армія здольная процідзейнічаць любым сучасным пагрозам

8 июля 2021
Беларуская армія здольная процідзейнічаць любым сучасным пагрозам. А яе афіцэры - апора бяспекі дзяржавы. Гэта заявіў сёння наш Прэзідэнт, ушаноўваючы выпускнікоў ваенных ВНУ і вышэйшы афіцэрскі склад.

Па традыцыі  ў пачатку ліпеня, адразу пасля галоўнага свята краіны,  кіраўнік дзяржавы сустракаецца з ваеннай элітай. Гэта знак асаблівай павагі да афіцэрскага корпуса. У адной зале   тыя, хто на варце міру і парадку па ўсіх франтах - вайскоўцы, праваахоўнікі, разведчыкі, пагранічнікі, ратавальнікі. Ужо заўтра ім трэба будзе вырашаць складаныя задачы, гарантуючы бяспеку  кожны ў сваёй сферы. І ўсе яны  прыклад іншым. Абараняць Радзіму -  прафесія няпростая і справа гонару.

Падстава для сённяшняй сустрэчы ўрачыстая. Але ў той жа час  гэта магчымасць акрэсліць галоўнае ў гарантаванні нацыянальнай бяспекі. Пагрозы сучаснага свету пастаянна выпрабоўваюць нас на трываласць. Аляксандр Лукашэнка сёння нагадаў пра складанасці бягучай сітуацыі. Фактычна разбурана структура міжнароднай бяспекі,  абвастраецца геапалітычная напружанасць паміж Усходам і Захадам, вядзецца атака на нашу краіну. А значыць,   кожны  чалавек у пагонах  павінен быць напагатове, незалежна ад ведамства, якое ён прадстаўляе.  


Нацыянальная сістэма бяспекі вытрымала выпрабаванні мінулага года


Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае - у нас адна з наймацнейшых армій у рэгіёне. Гэта прызнана нават апанентамі. Але галоўная каштоўнасць - гэта кадры, для якіх абарона сваёй краіны і роднага дома сталі сэнсам жыцця. Жорсткая  праверка людзей у пагонах пройдзена летась. Тым самым зададзена высокая планка. Утрымаць яе - адна з асноўных задач.