85-гадовы мужчына ў адзіночку аднаўляе старажытную сядзібу Бохвіцаў у Ляхавіцкім раёне

25 октября 2021

Калі адзін у полі - воін. Пенсіянер у адзіночку адрэстаўраваў старажытную сядзібу ў Ляхавіцкім раёне. Генрыху Траццяку  85 гадоў. Радавое гняздо Бохвіцаў ён вырашыў выкупіць, каб будынак не разбураўся. За 10 гадоў ён  не толькі правёў капітальны рамонт дома, але і адкрыў там музей, куды сёння прыязджаюць у тым ліку і замежныя турысты. Пра ўнікальныя месца і чалавека -  у рэпартажы Марыі Тройніч.

19 пакояў і таемны падземны ход, праз які можна непрыкметна пакінуць будынак. У сядзібе Бохвіцаў за кожнымі дзвярамі хаваецца свая цікавая гісторыя. Генрых Траццяк можа правесці тут  экскурсію з зплюшчанымі вачамі. Вось ужо шмат гадоў пенсіянер сам  сантыметр за сантыметрам аднаўляе рэзідэнцыю старажытнага роду.

Пенсіянер аднавіў старажытную сядзібу

У вёску Фляр'янава Генрых Траццяк прыехаў  у 1969 годзе кіраваць калгасам, адміністрацыя якога знаходзілася ў  былой сядзібе. 

А калі выйшаў на пенсію, арганізацыю перанеслі і будынак апусцеў. Паводле слоў мужчыны, яму было балюча глядзець, як нікому не патрэбны гістарычны помнік разбураецца. 

Захаваць гістарычную спадчыну

Дом Генрых выкупіў  за адну базавую. Перш за ўсё ўзяўся рамантаваць дах. Ён прагніў і праваліўся. Арыгінальную дубовую падлогу, дзверы, лесвіцу - усё, што можна было захаваць,  пенсіянер аднавіў у ранейшым выглядзе.

Фатаграфій інтэр'еру захавалася мала. Але гісторыю сядзібы можна даведацца па ўспамінах і лістах знакамітай пісьменніцы Элізы Ажэшкі. Уладальнік маёнтка  Тадэвуш Бохвіц  быў  забяспечаным і вельмі адукаваным  чалавекам. У яго доме часта спыняліся знакамітасці.

Паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў, якія служылі ў панскім доме, тут знаходзіўся пакой Элізы Ажэшкі. У сядзібе яна гасцявалі з 1908 па 1909 гады. І, магчыма, менавіта ля гэтага акна напісала адзін са сваіх твораў. 

На памяць Ажэшка пасадзіла побач з домам дуб. Ён  афіцыйна прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю і ахоўваецца законам. І сад, і будынак у 560 квадратных метраў - усё  зараз знаходзіцца ў прыватнай уласнасці Генрыха Траццяка. За год ён плаціць 500 рублёў падатку. Але мужчына не скардзіцца, наадварот.

За 10 гадоў Генрых Траццяк практычна капітальна адрэстаўраваў будынак. Паправіў дах, падлогу, сцены, адрэстаўраваў праводку. І жартуе, што зараз сядзіба прастаіць яшчэ 100 гадоў, можа і больш. А сваю галоўную місію - захаваць гістарычную спадчыну для будучых пакаленняў - ён ужо выканаў.