4 гады ўзброеных канфліктаў за 160 хвілін

28 июля 2014

Да стагоддзя Першай сусветнай вайны Белтэлерадыёкампанія прапануе спецыяльны дакументальны цыкл. Сёння пасля Панарамы у вячэрнім эфіры - прэм'ера тэлепраекта Вялікая вайна. Чаму Першую сусветную завуць акопнай і якія сведкі тых гадоў захаваліся да нашага часу?


Рэпартаж Іны Пілевіч. 38 краін, 4 000 кіламетраў фронту, 7 350 000 салдатаў, дваццаць мільёнаў параненых і дзесяць мільёнаў забітых. З першых секунд фільм шакуе гледача лічбамі. Напісаць сцэнарый хранікальна-дакументальнага цыклу фільмаў пра Першую сусветную вайну Белтэлерадыёкампанія даручыла Ксеніі Луцкінай. Аўтар змясціла 4 гады ўзброеных дзеянняў у 4 серыі, кожная працягласцю на 39 хвілін.


Ксенія Луцкіна, аўтар і кіраўнік праекта Вялікая вайна: Усё, што датычыцца гэтай вайны, - гэта насамрэч адна суцэльная белая пляма, за што ні вазьміся. Таму што нашы веды насамрэч абмежаваныя. Для дзяцей, ды і мы, прадстаўнікі гэтага пакалення, для якіх Першая сусветная - гэта адно пытанне на іспыце па гісторыі Беларусі.


Ад увядзення ваеннага становішча да краху ўсіх імперый - удзельніц канфлікту. Паэтапным апісаннем падзей стогадовай даўнасці аўтары спрабуюць разгадаць феномены народнай памяці. Да прыкладу, дагэтуль у шматлікіх вёсках прынята гаварыць першыя і другія немцы. Фільм растлумачыць, чаму падзеі пачатку ХХ стагоддзя завуць акопнай вайной, а паняцце Першая сусветная з'явілася толькі ў 1939 годзе.


Перадаць падзеі вачамі відавочцы і не страціць чалавека - такім прынцыпам кіраваліся аўтары. І хоць сведак тых падзей ужо не засталося, творчая каманда адшукала нашчадкаў удзельнікаў Першай сусветнай вайны. Таксама экспертамі выступілі вядомыя беларускія гісторыкі. Тым больш лінія фронту на два з паловай гады падзяліла тэрыторыю сучаснай Беларусі.


У пошуках сведак Першай сусветнай вайны здымачная група абышла доты, крэпасці і пахаванні тых часоў. Апошніх на тэрыторыі нашай краіны каля трох сотняў. Сярод мноства журналісцкіх адкрыццяў і барак у Баранавічах стогадовай даўнасці.


З камерай працавалі не толькі на сушы, але і на дне. Эксклюзіў тэлепраекта - падводныя здымкі на Нарачы. У возеры затопленая баржа - ўдзельніца баёў. Дзякуючы ўнікальным кадрам у фільме раскрыюцца невядомыя факты ваенных аперацый вялікай вайны.