1 кастрычніка - Міжнародны дзень пажылых людзей

1 октября 2020
У гэтую катэгорыю ўваходзяць тыя, каму споўнілася 60 гадоў і больш.

У нашай краіне пажылых больш за 2 мільёны - гэта амаль кожны пяты жыхар Беларусі. Амаль 64 % у гэтай катэгорыі жанчын і 36 % - мужчын.

Шматлікія актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх сферах дзейнасці грамадства і працягваюць працаваць. Каля 9 % занятых пасад у арганізацыях прыпадае як раз на людзей у ганаровым узросце. Каля 7 % сярод працаўнікоў - жанчыны ва ўзросце 60+, сярод мужчын такіх больш за 10 %.

Узрост - не перашкода для стварэння сям'і. Летась сярод старэйшага насельніцтва шлюбны саюз склалі больш за тысячу жанчын і больш чым паўтары тысячы мужчын. Пры гэтым зарэгістравана 879 пар, у якіх і жаніху, і нявесце было 60 гадоў і больш.


Чым сёння жыве актыўнае старэйшае пакаленне, раскажа Святлана Чарнова.

Мікалаю Лявонаву 70 гадоў. Бадзёры духам і поўны сіл. У 56 ён трапіў у Кнігу рэкордаў Гінэса - бег басанож гадзіну 18 хвілін у 30-градусную спякоту ў кальчузе 8 кілаграмаў. Гэта быў Маскоўскі міжнародны марафон. Гадамі раней  у Мінскім калядным  пераадолеў 10 кіламетраў таксама басанож, але ўжо па снезе. Сёння Мікалай Лявонаў - настаўнік: на сваіх лекцыях дзеліцца з аднагодкамі сакрэтамі здароўя. 

Мікалай Лявонаў, пенсіянер: "Калі ты ідзеш басанож, то ў гэты момант уся гармонія і ідзе. І, галоўнае, што нашы ногі, сутыкаючыся з зямлёй, спрыяюць разрадцы арганізма. Ты не стамляешся".

Алена Хафізуліна - медсястра па адукацыі. І ўжо як медык сапраўды ведае, што здароўе раўно фізічная актыўнасць плюс добры настрой. Менавіта таму яна  шчаслівая жонка, мама дваіх дзяцей і бабуля чацвярых унукаў 5 разоў на тыдзень ходзіць на лацінскія танцы. І так ужо 4 гады.

У гэтым Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва 29 гурткоў і студый. Танцы розных кірункаў, гімнастыка для розуму, замежныя мовы і нават літаратурны салон. Тут працуе больш за 20 валанцёраў і каля 17-ці з іх - сярэбранага ўзросту. 

У краіне працуе 146 тэрытарыяльных цэнтраў з аддзяленнямі дзённага знаходжання


У краіне, дарэчы, створана сістэма сацпадтрымкі пажылых: каля 10 000 пенсіянераў штогод атрымліваюць дапамогі ў якасці адраснай дапамогі. Апроч пенсіі,  ёсць і розныя надбаўкі - узроставыя бонусы, даплаты па інваліднасці. Ёсць паслугі па аказанні дапамогі дома. Акрамя таго, у Беларусі працуе 146 тэрытарыяльных цэнтраў з аддзяленнямі дзённага знаходжання пажылых людзей.

Аляксандр Румак, намміністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі: "У такія аддзяленні можна прывозіць бацькоў, і днём яны будуць знаходзіцца пад наглядам сацыяльных служб і ўвечар забіраць зноў дахаты. Пажылыя людзі, якія захоўваюць актыўнасць, яны вельмі цікавяцца і развіццём інфармацыйных тэхналогій, навучаюцца камп'ютарнай і фінансавай пісьменнасці".

Дабрачынная акцыя "Ваша дапамога" ахопіць каля 160 тыс. адзінокіх пажылых людзей


Сёння,  у Міжнародны дзень пажылых людзей, стартавала акцыя Чырвонага Крыжа "Ваша дапамога". Валанцёры возьмуць пад свой кантроль каля 160 тысяч адзінокіх людзей шаноўнага ўзросту: дапамогуць у побыце, прынясуць прадукты і сродкі гігіены, а таксама навучаць першай дапамозе і навыкам догляду.