11-класнікі з Мінска ўстанавілі адразу тры рэкорды Беларусі па хуткаснай зборцы кубіка Рубіка

26 июля 2017

Тры нацыянальныя рэкорды – на дваіх. 11-класнікі з Мінска – Уладзіслаў Камінскі і Андрэй Молчан – устанавілі адразу тры рэкорды Беларусі па хуткаснай зборцы кубіка Рубіка. Такія вынікі юнакі паказалі на пятым міжнародным чэмпіянаце, які прайшоў у Брэсце.

Удзел у спаборніцтвах прынялі 42 чалавекі. Мацнейшага «кубера» вызначалі ў 17 дысцыплінах. Надзея Сербіненка сустрэлася з самымі хуткімі зборшчыкамі галаваломкі.

11-класнікі – Уладзіслаў і Андрэй – прывезлі ў Мінск адразу тры нацыянальныя рэкорды. Іх від спорту – спідкубінг. Для трэніровак спартсмену патрэбныя ўсяго два прадметы – кубік Рубіка і секундамер.

Асабісты рэкорд Андрэя - у дысцыпліне "5х5". Ён збірае такі кубік хутчэй за ўсіх у краіне – за адну хвіліну і шэсць секунд.

Механічную галаваломку ў 1974 годзе прыдумаў венгерскі скульптар і выкладчык архітэктуры Эрнё Рубік. Лічыцца, што кубік - лідар сярод цацак па агульнай колькасці продажаў: па ўсім свеце іх прададзена каля 350 мільёнаў штук. Сусветныя лідары па спідкубінгу – хуткаснай зборцы кубіка – Амерыка, Аўстралія, Нідэрланды. Уладзіслаў Камінскі ў Брэсце устанавіў адразу два нацыянальныя рэкорды – у дысцыплінах "2х2" і "3х3". Класічны кубік ён збірае каля васьмі секунд.

Вынікі мінскіх школьнікаў ужо зафіксаваны ў базе Сусветнай асацыяцыі кубіка. Свае навыкі спідкубінгу хлопцы плануюць удасканальваць і далей. Наступны старт – чэмпіянат Еўропы па хуткаснай зборцы кубіка.