100 гадоў з дня нараджэння Р. Булацкага - першага дэкана факультэта журналістыкі БДУ

5 мая 2021

Прафесійнае свята супрацоўнікаў рэдакцый і друкарань - усіх, хто звязаны з выдавецкім рамяством. Беларусь адзначае Дзень друку. Больш за стагоддзе таму ў свет выйшаў першы нумар газеты "Правда". 

Сімвалічна, што менавіта на гэты дзень прыпаў вялікі юбілей сапраўднай глыбы айчыннай журналістыкі: 5 мая 100 гадоў споўнілася б першаму дэкану факультэта журналістыкі БДУ Рыгору Булацкаму, заснавальніку навуковага напрамку "Гісторыя беларускай журналістыкі" і аўтару падручнікаў. Яго называюць не інакш як легендай журналістыкі і ваеннага неба, бо Рыгор Васільевіч прайшоў вайну, зрабіў больш за 80 баявых вылетаў. Разам з іншымі членамі "экіпажа дружных" уклаў уласныя сродкі ў набыццё імяннога бамбардзіроўшчыка з асабістага адабрэння Сталіна. Атрымаў цяжкае раненне, а вярнуўшыся з фронту, стаў першым, хто пачаў развіваць айчынныя масмедыя. Менавіта ён настаяў на тым, каб аддзяленне філалагічнага факультэта стала паўнавартаснай і самастойнай пляцоўкай падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў.

Малавядомыя факты з жыцця Р. Булацкага глядзіце сёння ў "Панараме"

Прозвішча Булацкі сёння асацыіруецца з цэлай дынастыяй прафесійных журналістаў. Карэспандэнты Агенцтва тэленавін пабывалі на радзіме ў знакамітага на ўвесь Савецкі Саюз прафесара, а таксама даведаліся малавядомыя факты біяграфіі: чаму Булацкі ўзяў на сябе выхаванне не толькі студэнцкай моладзі, але і ўласных пляменнікаў? Пра гэта і не толькі сёння ў "Панараме". Тэматычны эфір падрыхтаваў і тэлеканал "Беларусь 3": 7 мая ў 19:30 глядзіце спецыяльны праект да векавога юбілею "Штурман журналістыкі".