У Мінску ў красавіку адкрыецца незвычайны гасцінічны комплекс

26 февраля 2014

У Мінску ўжо ў красавіку адкрыецца незвычайны гасцінічны комплекс. Новы гатэль не прыйшлося ўзводзіць з нуля - яго ўладкоўваюць у будынку 17 стагоддзя па вуліцы Кірыла і Мяфодзія. Новая гасцініца разлічана на паўсотні нумароў. Па задумцы архітэктараў, у гатэлі будзе створаны музей, дзе пастаяльцы змогуць даведацца ўсё пра побыт бернардзінцаў, экспазіцыя карэт і прадметаў, звязаных з пажарнай справай.


У яшчэ пакуль безназоўным гатэлі пабывала Улада Карніцкая. Мэбля па індывідуальным заказе, замест звыклых штор - сярэдневяковыя аканіцы. Уся гісторыя Верхняга горада - у сценах аднаго гасцінічнага комплексу. На вуліцы Кірыла і Мяфодзія працягваецца рэканструкцыя былога мужчынскага кляштара бернардзінцаў.


Сяргей Багласаў асабіста кіруе ўсёй рэканструкцыяй манастыра. Яно і зразумела, архітэктар разам са сваімі калегамі ўжо больш за 30 гадоў займаецца гістарычна вывераным абнаўленнем Верхняга горада. І сцвярджае, раскопкі менавіта ў гэтым манастыры былі, можна сказаць, самымі багатымі на знаходкі.


Па задумцы архітэктараў, у гатэлі будзе створаны музей, дзе турысты змогуць даведацца ўсё пра побыт бернардзінцаў. Экспазіцыя прадметаў, звязаных з пажарнай справай і гісторыяй транспарту. Сцены ў гатэлі ўпрыгожаць адрэстаўраванымі фрэскамі, якія выявілі падчас раскопак.


Пра багатае гістарычнае мінулае будынка будуць нагадваць і вось такія масіўныя люстры ў калідорах - жырандолі. Толькі замест свечак - цалкам сучасныя электрычныя лямпы.


Скляпеністыя столі, элементы цяжкага цагельнага мура - усе паўсотні нумароў новай гасцініцы стылізаваныя пад манаскія келлі. Але з улікам сучасных патрабаванняў камфорту.


Плюс аўтаматызаваная сістэма кіравання гасцініцай, вай-фай, і, безумоўна, рэстаран, паркоўкі, трэнажорныя залы і цырульні ўжо гэтай вясной будуць у распараджэнні турыстаў.


Сёння практычна ўсе будаўніча-мантажныя работы выкананы. А значыць, сцвярджаюць заказчыкі, ужо ў красавіку гасцінічны комплекс будзе гатовы прыняць першых турыстаў. Бліжэй да адкрыцця абяцаюць, нарэшце, вызначыцца і з назвай. Пакуль жа - нават варыянты трымаюць у сакрэце.