Выставачны культурны маршрут на выхадныя ў рубрыцы "Праменад"

31 марта 2023

Патройны ўдар па эстэтычных рэцэптарах ад Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў. Экс-майстэрні народнага Міхаіла Савіцкага і сённяшняя наватарская пляцоўка для прадстаўнікоў сучаснай беларускай арт-школы цалкам расфарбавала свае выставачныя залы прэм'ерамі.

У красавіцкай афішы адразу тры навінкі: архітэктурны выставачны праект "Дойлідства як люстэрка эпох", біяграфічны "Добры дзень, спадар Ван Гог!" і канцэптуальны "Глеба". Пабудуем маршрут па выставачным трыпціху ў нашай рубрыцы "Праменад".

Адценні Ван Гога. Арт-біяграфію пастімпрэсіяніста ў трыпціху - палатно, скульптура, графіка - прэзентуе Цэнтр сучасных мастацтваў. За амбіцыйнае - разгадаць код палотнаў нідэрландца - беларускія мастакі ўзяліся да 170 годдзя з дня нараджэння Вінцэнта. Пралог экспазіцыі змясцілі ў 14 актах. Сістэматызавалі палітру пакут творчасці аўтара: ад галандскага да французскага перыядаў. Каб не заблудзіць ў храналагічных рамках, глядзець справа налева.

Выстава-амаж - гэта не толькі рэплікі каляровай манеры Ван Гога, яго растыражаваных сланечнікаў, касачоў і аўтапартрэтаў. Генератар праекта-рэверанса - мастак Віктар Саўчанка - прапануе эстэтам ацаніць, як маглі б выглядаць няскончаныя малюнкі Вінцэнта ў фармаце алейнага жывапісу. У залах пабудавалі і пакой мастака з сімвалічнай палітрай. Можна ацаніць выгляд з усходняга акна спальні Ван Гога ў Сен-Рэмі-дэ-Праванс, літаральна апынуцца ў дэкарацыях «Зорнай ночы».

"Глебу" на атамы разбіраюць тут жа, у НЦСМ, і зноў апелююць да гучнага творчага юбілею. Мінскаму дзяржаўнаму мастацкаму каледжу імя Глебава - 75 гадоў. З творчай лабараторыі ў розныя гады вялікімі майстрамі выйшлі Міхаіл Савіцкі, Май Данцыг, Віктар Грамыка. Сёння гучныя маніфесты, спецыяльна пад новыя лічбы глебаўкі, пісалі і стваралі ў аб'ёме выпускнікі і педсастаў сезона 22-23.

Прапануюць адразу тры трактоўкі экспазіцыі - глеба, як урадлівы пласт зямлі, падмурак культурны і творчая абіцель нашай мастацкай школы. Канцэптуальны маршрут - ад прасторы Глебава з калажам майстра  да матэматычнай залы. Адукацыйны прыярытэт застаецца за акадэмічнымі: малюнкам, жывапісам і скульптурай. Актуальнасці палітры спецыяльнасцяў дабавіў дызайн.

Акварэльны тур па аўтэнтычных сакральных сімвалах ў ракурсах доктара архітэктуры. Гатычны касцёл у Ішкальдзе, царква ў Чарнаўчыцах, Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі - Беларусь у камені Аляксандр Лакатко фіксаваў з натуры і грунтуючыся на асабістым архіве. У сюжэтах не проста геаметрыя, серыя - летапіс архітэктурнай спадчыны краіны, экскурс у гатычныя рэаліі Беларусі, перыяды барока і класіцызму.

Да 150-годдзя Сяргея Рахманінава музыку без межаў пачуем ад Вялікага тэатра. У першую суботу красавіка другую сімфонію віртуоза меламанам прэзентуюць ва ўнісон Дню яднання народаў Беларусі і Расіі. А бліжэй да зорак імкнецца мастацкая галерэя Савіцкага. У экспазіцыйных залах на "Дыялог з космасам" чакае народны мастак Іван Міско.