Віцебск працягвае жыць у рытме "Славянскага базару"

14 июля 2018

У фестывальнай афішы - больш за 150 самых розных мерапрыемстваў. Канцэрты адразу на некалькіх пляцоўках, кінапаказы, выставы, спектаклі. Сёння на фестывалі дзень моладзі. Марына Раманоўская ведае, якія інтэрактыўныя пляцоўкі трэба абавязкова наведаць.

- Асабіста мне падабаецца ўся праграма. Дзень моладзі ўражвае, па-першае, сваімі маштабамі. Напрыклад, гасцям прапаноўваюць згуляць у гіганцкі боўлінг і ў гіганцкія шашкі. Свае сілы думаю паспрабаваць і я.

- Марына, кожны дзень на "Славянскім базары" - дзясяткі мерапрыемстваў. Асаблівая ўвага - дзіцячаму і даросламу песенным конкурсам. Якая ж атмасфера пануе за кулісамі?

- Удзельнікі конкурсаў адзначаюць, што фестываль дорыць не толькі творчы вопыт, але і новыя цікавыя знаёмствы. А падрабязней - у сюжэце.

Каб прыняць удзел у дзіцячым вакальным конкурсе, удзельнікам прыйшлося пераадолець шлях на сотні і нават тысячы кіламетраў. У музычным спаборніцтве ўдзельнічаюць прадстаўнікі дваццаці краін свету. Упершыню – Канады і Вялікабрытаніі. Наша краіна падтрымлівала дванаццацігадовага Арцёма Скароля. На прэстыжным спаборніцтве ён стаў уладальнікам другой прэміі.

Новыя зоркі кожны год з’яўляюцца і на плошчы Лаўрэатаў. Падчас XXVII "Славянскага базару" заззяла зорка Розы Рымбаевай. Менавіта яна стала ўладальніцай спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення".

Сёлета Летні амфітэатр адзначае трыццацігадовы юбілей. Падчас XXVII "Славянскага базару" з сольнымі канцэртамі на галоўнай пляцоўцы выступілі Зара, Мікалай Баскаў, Ірына Алеграва. Праз некалькі гадзін адбудзецца юбілейны канцэрт Аляксандра Марозава. Аншлагі збіраюць і начныя шоу-праграмы. У фестывальным рытме Віцебск жыве кругласутачна.

Нават знакамітыя артысты прызнаюцца: здзівіць фестывальнага гледача няпроста. Таму афіша ўвесь час папаўняецца новымі праектамі. А кніга рэкордаў фестывалю – новымі творчымі дасягненнямі.