У сталіцы адкрылі сезон стрыт варкаўта

30 марта 2015

Фрыстайл-батлы і майстар-класы ад рэкардсмена свету па выхадах з сілай Максіма ТрУханаўца. У сталіцы адкрылі сезон стрыт варкаўта.

20 маладых спартсменаў паказалі сваё майстэрства на турніках. Экстрэмальны від спорту на брусах прыцягнуў ўвагу дзясяткаў мінчан.

Да гледачоў відовішчнага шоу далучылася і Юлія Плытнік.

Глеб Казленка, студэнт Дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, займаецца стрыт варкаўтам з 15 гадоў. Прызнаецца, сябры прывялі. Разам глядзелі відэаролікі ў Інтэрнэце, а потым адточвалі майстэрства на практыцы ўжо ў прасторы не віртуальнай, а на дваровых пляцоўках. Спачатку да хобі сур’ёзна не ставіўся. Але, калі з’явіліся першыя вынікі і перамогі, на пляцоўку пачаў хадзіць як на вучобу. З усёй адказнасцю.

У Беларусі варкаўт стаў папулярным прыкладна 5 гадоў таму. Бонусаў яму дадае тое, што гэта найменш затратны від спорту. Займацца можна нават бясплатна - на вулічных турніках.

Падцягванні, адцісканні на брусах, скачкі. Каб выканаць усе элементы варкаўта беспамылкова, патрэбна займацца як мінімум тры разы на тыдзень. Каб падрыхтавацца да гэтых спаборніцтваў, удзельнікі хадзілі ў спартыўную залу амаль кожны дзень.

Экстрымальныя віды спорту для беларусаў не экзотыка. Ужо некалькі гадоў запар нашы спартсмены становяцца больш цягавітымі на міжнародных спаборніцтвах. Але самае галоўнае, што стрыт варкаўт актыўна развіваецца ў межах нашай краіны.