У мастацкай галерэі "Універсітэт культуры" прэзентавалі экспазіцыю "Хрустальная пара"

25 января 2022

Праект, які заахвочвае на творчае ўдасканальванне, выбар мастацкай прафесіі і які проста радуе вока - у сталічнай галерэі "Універсітэт культуры" адкрылася выстава дзіцячай і юнацкай творчасці пад назвай "Хрустальная пара". Творчая акцыя ладзіцца другі раз з мэтай стымуляваць таленавітых пачаткоўцаў на развіццё сваіх здольнасцяў і пошукаў свайго месца ў мастацтве. Расказвае Наталля Бардзілоўская.

Зімовыя святы, казкі і паданні, звязаныя са сцюдзёнай парой, святочныя ранішнікі і карнавалы, прагулкі на лыжах і забавы на санках і каньках, зімоўка жывёл і заснежаныя пейзажы - усе залы галерэі на час пераўтварыліся ў "халоднае" царства снежня, студзеня і лютага. Загадкі і вяселле, з энергетыкай народных абрадаў - Каляд і Шчодрыкаў і чаканне здзяйснення мар, падарункаў пад навагоднімі ёлкамі. Буянства фарбаў - гуаш, акварэль, акрыл і ўражальная разнастайнасць матэрыялаў: тут і воўна, і шоўк, і палатно, шкло і дрэва, пластык і гліна. Амаль сотня аўтараў паказалі, як яны ўяўляюць зіму, і кожны здолеў стаць непаўторным! 

Гэта выстава-конкурс. Навучэнцам дзіцячых школ мастацтваў і выхаванцам Палаца дзяцей і моладзі было прапанавана ўвасобіць зімовую пару ў вольных тэмах, жанрах і відах выяўленчага мастацтва. У выніку дзясяткі работ: жывапісных, графічных, у саломцы і батыку, у кераміцы і скульптуры. І вось у такіх вясёлых масках!

Аўтары работ - удзельнікі конкурсу - падзелены на тры ўзроставыя групы. Першая - ад пяці да васьмі. Другая - дзевяць-дванаццаць гадоў. І старэйшыя мастакі - ад 13 да 16 гадоў. У журы - прафесійныя мастакі, выкладчыкі мастацкіх навучальных устаноў. Быць суддзёй на такім арт-спаборніцтве няпроста, прызнаюцца старэйшыя калегі маленькіх творцаў.

Па выніках конкурсу пераможцы атрымаюць ганаровыя граматы, дыпломы і ўзнагароды. У планах арганізатараў - выданне электроннага каталога дзіцячых работ. Але сама па сабе прэзентацыя творчасці юных у адной з самых вядомых галерэй Беларусі і Мінска - ужо немалая ўдача для мастакоў-пачаткоўцаў!

Свае вынікі выстава-конкурс "Хрустальная пара" падвядзе напачатку лютага. Зрэшты, гэты праект стане штогадовым.