Старыя Дарогі рыхтуюцца да 20-га фестывалю-конкурсу "Матчыны кросны"

5 октября 2020
Старыя Дарогі рыхтуюцца да юбілейнага, 20-га, фестывалю-конкурсу "Матчыны кросны". Традыцыйнае свята адкладзена на год з-за эпідстановішча. У майстроў ёсць час падрыхтавацца яшчэ з большымі сіламі да канкурэнтнай творчай барацьбы. Бо ў дзясятках рэгіёнаў Мінскай вобласці моцныя школы ткачоў, у тым ліку і ў  Старых Дарогах. 

Як старадаўнія ткацкія традыцыі працягваюць нашы сучаснікі,  даведалася Наталля Бардзілоўская.

Нацыянальны арнамент - гэта не толькі бабуліны рушнікі. Ткацкія вырабы Старых Дарог у трэндзе! Стыльныя торбы для гаспадынь, вытанчаныя радыкюлі для модніц, рукзакі для вучняў і ўсіх, хто проста адчувае сябе маладым. А яшчэ абрусы, сурвэткі, кашулі і паясы - з рук гэтых майстроў выходзяць дзясяткі найменняў прадукцыі, якую яны паспяхова рэалізуюць на кірмашах і якую з задавальненнем носяць самі - да тэлездымак героі рэпартажу поўнасцю апрануліся ў касцюмы, якія зрабілі самі.

Вольга Давыдкіна, дырэктар Старадарожскага цэнтра рамёстваў: "Я лічу, што ткацтва яшчэ будзе жыць некалькі стагоддзяў. Студыя сёння працуе на поўную моц. Дзеці розных узростаў, дарослыя - і майстры, і тыя, хто хоча навучыцца".

Цяпер ужо народная студыя ткацтва аб'ядноўвае два дзясяткі ўдзельнікаў, як гаворыцца "ад піянера да пенсіянера". Навучыцца рамяству можа і павінен кожны - такі дэвіз у аб'яднання, і яго кіраўнік поўнае таму пацвярджэнне.

Лепшая псіхатэрапія - за ткацтвам. Пра гэта ўголас гавораць студыйцы. Гісторыі ўражваюць: хтосьці прафесію медыка змяніў на працу за кроснамі, а хтосьці ў ткацтва трапіў ледзь не з дзіцячага садка.

Прызнання, поспехаў і ўдач у старадарожскіх ткачоў нямала. Пэўна,  гэтаму спрыяе назва калектыву - "Удаліца". 

Удаліца не проста назва. Так у даўніну гаварылі пра майстрых, якія ўмелі накідаць узор у ніты. Гэта задача - адна з самых складаных у ткацтве, і з ёю спраўлялася далёка не кожная жанчына.

У студыі вырасцілі і свайго вытворцу ткацкіх станкоў. Міхаіл Басякоў са спецыяліста па вытворчасці зэдлікаў і шафак "вырас" у майстра па кроснах.

Студыя "Удаліца" - гонар, але не адзінае творчае аб'яднанне Старадарожскага цэнтра рамёстваў. Тут займаюцца розным рукадзеллем: пляценнем паясоў, вышыўкай розных відаў, ствараюць легендарныя рухаўскія дываны.