Сёння на "Славянскім базары ў Віцебску" дзень Саюзнай дзяржавы

10 июля 2015

У праграме - канцэрты, выставы, прэс-канферэнцыі. Учора ўначы феерверкам завяршылася цырымонія ўрачыстага адкрыцця 24-га форуму мастацтваў. Зараз увага прыкавана да конкурсу маладых выканаўцаў і дзіцячага музычнага спаборніцтва. Галоўныя падзеі з жыцця фестывальнай сталіцы - у рэпартажы Вольгі Маслоўскай.

 

Сцэнарый цырымоніі адкрыцця трымаўся ў сакрэце. Але зорныя прозвішчы абяцалі сапраўднае свята музыкі. І яно атрымалася. У зале - аншлаг, на сцэне - усімі любімыя Гвердцытэлі, Лепс, Наталі, Меладзэ, Ланская, Лявонцьеў.

Артысты з 42 краін свету прыехалі ў Віцебск. Відэазварот да ўдзельнікаў і гасцей "Славянскага базара" адправіў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.

Фестывальны настрой пануе не толькі ў канцэртных залах, але і на вуліцах горада. Гандлёвыя палаткі, вулічныя кафэ, нацыянальныя падворкі - цэнтральная частка Віцебска стала пешаходнай.

Пад адкрытым небам - прэм'ера новага фестывальнага праекта "На сямі вятрах". Тут няма ўваходных білетаў і нават пэўнай пляцоўкі. Дэкарацыі - гарадскія краявіды, галоўныя дзеючыя асобы - артысты і жыхары Віцебска.

У святле рампы - элітарная частка "Славянскага базара". Парыж, Ватыкан, Вашынгтон, Лондан, Сідней, зараз Віцебск. Мужчынскі хор Срэценскага манастыра ўпершыню выступае ў фестывальнай сталіцы. Калектыў з асаблівай выканальніцкай манерай і цудоўным рэпертуарам сабраў поўную залу.

Сёння на фестывалі - дзень Саюзнай дзяржавы. Загадам міністра абароны Расіі жыхары Віцебскай вобласці Людміла Нікіціна і Віктар Цярэшчанка ўдастоеныя медаля "За заслугі ва ўвекавечанні памяці загінуўшых абаронцаў Айчыны". Намеснік Дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Іван Бамбіза прыехаў на фестываль, каб асабіста ўручыць узнагароды.

У 11 гадзін у міжнародным прэс-цэнтры адбудзецца прэс-канферэнцыя з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам. Увечар на сцэне Летняга амфітэатра пройдзе творчы вечар Аляксандры Пахмутавай "Нам не жыць адно без аднаго", а затым вялікі гала-канцэрт "Саюзная дзяржава запрашае". Акрамя гэтага, сёння пачынаюцца паўфінальныя выступленні маладых выканаўцаў. Беларуска Валерыя Грыбусава выйдзе на сцэну пад 21-м нумарам. Стартуе і дзіцячы конкурс. Жараб'ёўка пройдзе ў парку адпачынку і абяцае стаць сапраўднай прыгодай для маленькіх артыстаў.