Рубрыка "Праменад"

22 июля 2016

Час планаваць выхадныя, якія абяцаюць быць па-сапраўднаму летнімі і спякотнымі. Новыя выставы ў арт-прасторах ЦЭХ і «Высокае месца». А ў Купалаўскім, нягледзячы на летні сезон, чэхаўская «Чайка» ў зорным складзе беларускіх артыстаў. Падрабязнасці ў нашай рубрыцы "Праменад" з Ларысай Гулякевіч.

«Каранцін» - гэта першы персанальны праект маладога мастака. Паверце, лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Новы мастацкі стыль Кірыл Дзёмічаў прыдумаў сам. Ён гуляе з часам у філасофскім і выяўленчым сэнсах.

Віцебскі мастак-студэнт Кірыл Дзёмічаў, калі працаваў над цыклам «Каранцін», абраў і своеасаблівую тэхніку стварэння сваіх работ і інсталяцый. Ён выкладвае на палатно самыя розныя матэрыялы, ад акрылу да гіпсу. Малюе ўсім целам, танцуе, скача, разбівае. Такім чынам, у яго творы ўкладзена не толькі шмат розных матэрыялаў, але і энергетыка самога мастака і нават інтэлект.

Дзве работы 24-гадовы мастак зрабіў спецыяльна для выставы ў мастацкай прасторы. Выстава-інсталяцыя працягнецца да 31 ліпеня.

Нягледзячы на тое што ў тэатральнай сферы зараз летні адпачынак ці гастрольная дзейнасць па-за межамі Мінска, Купалаўскі тэатр дае ў нядзелю «Чайку» паводле Чэхава. Спектакль з пазнакай 16+.

У ролях – зоркі першай беларускай драматычнай сцэны: Раман Падаляка, Яўгенія Кульбачная, Аляксандр Падабед, Ганна Хітрык, Юльяна Міхневіч, Ігар Сігоў, Андрэй Кавальчук.

Тэстам для любога пастаноўшчыка чэхаўскай “Чайкі” з’яўляецца адказ на пытанне, аб чым п’еса Трэплева. А п’еса маладога аўтара была напісана пра тое, што чарговы раз наша цывілізацыя павінна знікнуць разам з усім жывым на планеце. Аднак людзі, якія жывуць у гэтым крохкім свеце, працягваюць цешыць сваё эга, нібы зямля – вечная. Здаецца, адзіны станоўчы персанаж п’есы - прыгожае Возера, на беразе якога адбываецца бясконцае блазнаванне чэхаўскіх герояў.

Мастакі заўсёды размалёўваюць свет па-свойму. Ствараюць новыя канцэпцыі, напрамкі, жанры і стылі. Творча спрачаюцца і адстойваюць свае правы на альтэрнатыўнае бачанне свету. Арт-гасцёўня "Высокае месца" запрашае не толькі на выставу, але і на творчую сустрэчу «Дыялог у нашым мастацтве».

Па-першае, тут у арт-гасцёўні праходзіць выстава «Малюю аўтабіяграфію» Наталлі Ярмолавай. Гэта малады мастак як па ўзросце, так і па вопыце мастацкай працы. Вось такія карціны яна стварае толькі чатыры гады. Магчыма, нехта знойдзе ў гэтых работах адказы на жыццёвыя пытанні, а магчыма, пытанняў будзе яшчэ больш. Тут звыш 50 жывапісных і графічных работ, якія экспанаваліся як у Беларусі, так і на міжнародных выставах.

Акрамя экспазіцыі, у гэтай выставачнай прасторы адбываюцца дыспуты, мультымедыйныя прэзентацыі творчых аб'яднанняў Беларусі.

Нагадваем, што кожную суботу вас чакаюць канцэрты «Класіка ля ратушы» ў самым сэрцы Мінска. Заўтра падарожжа па часе - вечар музыкі барока. Нясумных выхадных, і да наступнай пятніцы.