Рубрыка "Праменад"

12 мая 2017

Лошыцкая сядзіба запрашае на музычныя вечары, фальклорныя лялькі - у галерэі Савіцкага і ўласныя гісторыі жыцця - праз фотапраект "80 плюс". Як культурна правесці выхадныя - параіць Ларыса Гулякевіч і рубрыка "Праменад".

Майскія музычныя вечары ў Лошыцкай сядзібе кожную суботу мая! Гэта адраджэнне традыцый культурных салонаў 18 - пачатку 20 стагоддзяў, класіка і музычная спадчына Беларусі.

Музыка мінулых эпох ізноў загучыць у бальнай зале сядзібнага дома. Рубрыка «Праменад» трапіла на рэпетыцыю. У праграме трох розных канцэртаў 13, 20 і 27 мая – вакальныя і інструментальныя кампазіцыі розных жанраў і стыляў: ад паланэза да раманса – у выкананні таленавітых беларускіх музыкантаў, удзельнікаў міжнароднага праекта Young Voices - "Маладыя галасы".

Тут, у Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе, заквітнелі сады, ёсць, дзе бавіць час на выхадных і не толькі. Экспазіцыя музея ж раскажа пра нашу гісторыю і звычаі мінулых стагоддзяў.

Кожны тыдзень музей праводзіць розныя мерапрыемствы, накіраваныя на аднаўленне старадаўняй сядзібы, якой была Лошыца на мяжы 19-20 стагоддзяў.

«80 плюс» - фотапраект, прысвечаны нашым знакамітым сучаснікам: людзям, якія пераступілі 80-гадовую мяжу. Сярод іх - балерына, мастак, пісьменнік, інжынер-будаўнік, генерал у адстаўцы, настаўнікі.

Гэта апошнія з таго пакалення, якое перажыло рэпрэсіі, гэта апошнія сведкі Другой сусветнай вайны, якія зведалі жахі нямецкай акупацыі, гета, блакаду, страцілі на вайне родных... Яны памятаюць энтузіязм 50-х, з’яўленне на іх вачах новых, ззяючых шклом і свежай фарбай гарадоў, і руйнаванне знаёмых з дзяцінства вулачак. Фотавыстава «80 плюс» у галерэі «Высокае месца» працягнецца да 28 мая.

У мастацкай галерэі Савіцкага - выстава народнай і фальклорнай лялькі.

Нясумных выхадных, і да наступнай пятніцы!