Рубрыка "Праменад"

18 сентября 2015

Тэатральны фестываль, адкрыццё выстаў і канцэртныя праграмы. Верасень у сталіцы багаты на культурныя мерапрыемствы. У Лошыцкай сядзібе - касцюмы 19 стагоддзя, а ў цэнтры Мінска - італьянская мазаіка. Якія падзеі варта не прапусціць у гэтыя выхадныя - ведае Ларыса Гулякевіч.

У нядаўна адрэстаўраванай Лошыцкай сядзібе, што ў старажытным Лошыцкім парку, адкрылася выстава жаночага свецкага касцюма 19 -пачатку 20 стагоддзяў. Кожная сукенка з крыналінам ці ў стылі ампір - жывая гісторыя жаночага жыцця беларускіх гарадоў 100-150 гадоў таму.

Выстава пад назвай “Куфэрак: Шаноўная пані” - вынік работы энтузіястаў-дызайнераў, апантаных вывучэннем культуры 19 стагоддзя і гісторыяй касцюма. У экспазіцыі прапанаваныя рэканструкцыі паўсядзённых, прагулачных, бальных і вячэрніх касцюмаў, якія маглі насіць жыхары гарадоў тэрыторыі сучаснай Беларусі ў 19-м стагоддзі.

Выстава працягнецца да 1 снежня. У канцы кожнага месяца ў музеі плануюцца тэматычныя суботы з абнаўленнем часткі экспазіцыі і рознымі мерапрыемствамі. А гэта танцавальныя майстар-класы, літаратурныя чытанні, лекцыі па гісторыі касцюма і шмат чаго яшчэ.

Купалаўскі тэатр - першая драматычная сцэна Беларусі адзначае 95 год. Амаль стагоддзе! Днём нараджэння лічыцца 1920-ты. Ганаровае імя Янкі Купалы тэатр атрымлівае ў 1944-м. Акадэмічным становіцца ў 1955-м. А статус нацыянальнага набывае ў 1993-м.

Купалаўцы зрабілі сабе падарунак. Адкрылі трэцюю сцэну. Камерную. Новая зала, разлічаная на 90 месцаў, размяшчаецца ў вялікай рэпетыцыйнай зале, якая па памерах дакладна паўтарае сцэну тэатра.

Сёння на вялікай сцэне тэатра “Вечар” паводле п’есы Аляксея Дударава ў пастаноўцы Валерыя Раеўскага. А ў гэтую нядзелю Купалаўскі дае спектакль Інгрыд Лаўзунд “Офіс”. Жанр спектакля стваральнікі абазначылі як “бесхрыбетнасць у адной дзеі”.

У гэты момант ідзе святочнае адкрыццё выставы італьянскага мазаічнага мастацтва. Ад манументальных скульптурных груп да вытанчаных мініяцюр. Выстава задумана як рэтраспектыўны паказ твораў ад 1965 да 2014. Гэта больш за 50 скульптур, пано і калажаў.

Мазаічнае мастацтва - адно з самых старажытных і зарадзілася ў Італіі і Візантыі. Унікальнасць праекта яшчэ і ў тым, што тры італьянскія аўтары Марка Бравура, Марка Дэ Лука і Вердыяна Марцы родам з Равэны - сталіцы Візантыі. Вучыліся там у дзяржаўным інстытуце мазаічнага мастацтва імя Джына Северыні. Практыкаваліся, адточвалі сваё мазаічнае майстэрства.

Тысячагоддзе таму італьянскія вынаходлівыя майстры прыдумалі смальту. Гэтае каляровае шкло - не празрыстае, сакрэт якога перадаваўся ад прадзедаў сваім нашчадкам. Зараз выкарыстоўваюцца розныя матэрыялы ад мармуру да ракавінак, жамчужын, свінцу і проста асколкаў звычайнай цэглы.

Не забудзьце завітаць у Нацыянальны мастацкі музей. Тут адкрылася выстава сусветна вядомага дзеяча літоўскай культуры Чурлёніса “Зорны шлях”. Нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.