16 сентября 2016

Вечар пятніцы, а гэта значыць, што трэба планаваць выхадныя. У Купалаўскім даюць "Пінскую шляхту", а ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў – два авангардныя праекты, створаныя як вядомымі мастакамі, так і студэнтамі. Першы міжнародны - "Мастацтва як асяроддзе", другі антыгламурны - Non-fashion.

Падрабязнасці у рубрыцы "Праменад" з Ларысай Гулякевіч. Купалаўскі ў нядзелю дае фарс-вадэвіль па класічным творы Дуніна-Марцінкевіча "Пінская шляхта". Гэта вельмі гарэзлівая, смешная і разам з тым надзвычай пазнавальная гісторыя на тэму жыцця мясцовай беларускай шляхты.

У спектаклі шмат музыкі, танцаў, акцёрскай фантазіі і сцэнічнага майстэрства лепшых артыстаў першай сцэны Беларусі - Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Незабыўнае феерычнае дзеянне, якое на сцэне рэжысёру Мікалаю Пінігіну дапамаглі ўвасобіць мастак Вольга Мацкевіч, кампазітар Андрэй Зубрыч, харэограф Людміла Фадзеева, не абышлося і без навуковых кансультацый ад кандыдата філалагічных навук Язэпа Янушкевіча.

100 гадоў таму была створана авангардная група на чале з Казімірам Малевічам пад назвай УНОВІС. Яе творчасць аказала значнае ўздзеянне на мастацтва, архітэктуру і дызайн сучаснасці. Вядомыя беларускія мастакі, педагогі-дызайнеры разам са студэнтамі БДУ стварылі адпаведную тэме экспазіцыю ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў.

Абнаўленне так званай архітэктурнай зямной паверхні і стварэнне новага вобраза Зямлі формамі авангарднага мастацтва былі цэнтральнай задачай тых, хто ствараў новае мастацтва ў пачатку XX стагоддзя.

Тут жа на Някрасава, 3 праходзіць міжнародны праект Non-fashion, дзе прадэманстраваны жывапіс, фатаграфія, відэа, аб'екты, перформанс. Выстава Non-fashion падтрымлівае ідэю пра тое, што мода – гэта адна з праяў чалавечай прыроды з усімі яе супярэчлівымі рысамі.

Праекты, з якіх складаецца выстава, не з'яўляюцца маніфестам супраціўлення модзе як культурнаму феномену. Хутчэй за ўсё, гэта супрацьпастаўленне абывацельскаму погляду на моду, як на фабрыку ілюзій, якая дыктуе, вырабляе і шматразова тыражуе штучныя выявы паспяховага і прыгожага жыцця.

Аўтары праекта Non-fashion, які размешчаны на верхнім паверсе Цэнтра сучасных мастацтваў, прапануюць перайсці ад вузкага разумення функцыі моды і яе сацыяльнага статусу да больш шырокага погляду.

Гэтымі днямі ў сталіцы праходзіць трохдзённы марафон Minsk Festival, які ўключае ў сябе канцэрты, вечарыны, выставы, кінапаказы і розныя вулічныя мерапрыемствы. У нядзелю ў дворыку Гістарычнага музея канцэрт Rockabilly Open Air з 15:00 да 20:00. Нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.