Надышоў час адзначаць свята ўраджаю

23 августа 2016

Надышоў час адзначаць свята ўраджаю, якое складаецца з трох этапаў - зажынкі, жніво і дажынкі. Студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры адраджаюць старажытныя традыцыі як у сваіх курсавых і дыпломных работах, так і на тэатралізаваных святах.

Наш карэспандэнт Ларыса Гулякевіч пабывала ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту на адным з такіх свят «Жыцень».

Гэтыя дзяўчаты не артысты і не работнікі музея. Яны студэнты і маладыя выкладчыкі кафедры этнаграфіі і фальклору Універсітэта культуры і мастацтваў. Тэатралізаванае свята «Жыцень» – курсавы праект. Дзяўчаты доўга развучвалі песні, ездзілі да носьбітаў традыцый. Нават строі на іх - аўтэнтычныя з Заходняга Палесся, якім амаль 100 гадоў.

Жніво – свята, якое падводзіла вынікі ўсёй працы селяніна, складалася з трох паслядоўных этапаў: зажынкі, жніво і дажынкі. Усе абрадавыя дзеянні былі накіраваны на забеспячэнне добрага ўраджаю, таму жніво было адным з самых адказных перыядаў у жыцці земляроба.

Вячаслаў Калацей, загадчык кафедры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў:

«Жніўныя песні, яны падобныя і ў беларусаў, і ў літоўцаў, латышоў, украінцаў і расіян. Гэта яшчэ з тых часоў, калі народы не дзяліліся паміж сабой, а толькі заселялі кантынент».

Галоўны герой - Жыцень - старажытнабеларускі бог урадлівасці і восені. З вобразам Жыценя звязана такое свята як жніво, а таксама традыцыйны земляробчы жніўны абрад - завіванне барады.

Унікальны абрад - завіванне барады. Вось такая прыгожая ахвяра ў выглядзе апошніх каласоў упрыгожвалася рознакаляровымі стужкамі, кветкамі і пакідалася на полі, каб на наступны год ураджай быў такі ж добры. І каб мышы засталіся ў полі, а не шлі ў гумно.

Жніўныя традыцыі вельмі архаічныя, існуюць столькі, колькі існуе жыта.

На свяце «Жыцень» можна было і патанцаваць, і песні паспяваць, навучыцца плесці вянкі з каласоў. Згодна з народнай традыцыяй, усіх частавалі садавіной.