"Партрэт мастака ў інтэр'еры музея" - выстава Генадзя Чыстага

27 апреля 2022

На яго рахунку праекты ў музеях Янкі Купалы, Адама Міцкевіча, Максіма Багдановіча, Францішка Багушэвіча. А таксама ў краязнаўчых музеях Крычава і Калінкавіч, баявой славы ў Гомелі і сядзібе "Ракуцёўшчына". Стваральнік музейных канцэпцый і афарміцель экспазіцый мастак Генадзь Чысты адзначае юбілей. У выяўленчым мастацтве маэстра з дзяцінства. Атрымаўшы профільную адукацыю, Чысты абраў афарміцельскі кірунак. Першым музеем, які распрацаваў майстар, стаў краязнаўчы музей у Ашмянах.

Аб'екты, якія ўвасобіў у жыццё і якія засталіся толькі ў чарцяжах, рэтраспектыву сваёй творчасці Генадзь Чысты прадэманстраваў у экспазіцыі пад назвай "Партрэт мастака ў інтэр'еры музея". Выстава адкрылася ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. Акрамя афарміцельскіх эскізаў, мастак паказаў свае жывапісныя і акварэльныя работы.