Першыя білеты на "Славянскі базар - 2016" паступяць у продаж у лютым

13 января 2016

Першыя білеты на канцэрты юбілейнага "Славянскага базара" паступяць у продаж ужо ў лютым. Аб гэтым журналістам паведаміў дырэктар музычнага форуму Аляксандр Сідарэнка. Ён падкрэсліў, што цэны на фестывальныя білеты застануцца на ўзроўні мінулага года і будуць пачынацца ад ста тысяч рублёў. Дакладныя даты правядзення юбілейнага форуму мастацтваў пакуль трымаюцца ў сакрэце - вядома толькі, што ён пройдзе ў другой палове ліпеня. Зараз вядуцца перамовы аб сольных канцэртах з Валерыем Лявонцьевым, Майклам Болтанам, Алай Пугачовай, Максімам Галкіным, Томасам Андэрсам, Хорам Турэцкага.

Аляксандр Сідарэнка, дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску": "Вядома ж, будуць нейкія эксклюзіўныя ўнікальныя праекты, якія далёка не кожны год можна ўбачыць не толькі на фестывалі, але і ў краіне. Люты-месяц - старт продажаў, можна будзе набыць білеты ў любой краіне і ў любой кропцы нашай краіны".

Юбілей форуму будзе адзначаны шэрагам цікавых праектаў. У дзень адкрыцця "Славянскага базара" на галоўнай вуліцы Віцебска разгорнецца сапраўдны карнавал. Будзе прадоўжаны фестываль вулічнага мастацтва "На сямі вятрах". Што да галоўнай пляцоўкі горада, то там пройдзе канцэрт лаўрэатаў і пераможцаў конкурсу маладых выканаўцаў розных гадоў. Выставай, тэатральнай пастаноўкай і канцэртам фестываль ушануе памяць беларускага песняра Уладзіміра Мулявіна.