На афіцыйным сайце дзіцячага "Еўрабачання" ўжо ідзе анлайн-галасаванне

24 ноября 2018

Тысячы гледачоў на "Мінск-Арэне" і мільёны ля тэлевізійных экранаў. Апошнія штрыхі перад шоу. На афіцыйным сайце дзіцячага "Еўрабачання" ўжо ідзе анлайн-галасаванне. Яно прадоўжыцца да пачатку фінальнага канцэрта. Затым пасля выступлення ўсіх канкурсантаў зноў можна будзе аддаць свой голас, але толькі на працягу 15 хвілін. Згодна з правіламі, выбраць можна ад трох да пяці ўпадабаных артыстаў, у тым ліку прадстаўніка сваёй краіны. А ў каманд яшчэ ёсць час настроіцца. Усё гатова да генеральнага прагону. Спарткомплекс трансфармаваўся ў вялізную тэлевізійную студыю. 

Шыкоўная сцэна, больш за тысячу светлавых прыбораў, сотні квадратных метраў экранаў, спецыяльная здымачная тэхніка. Тут вось ужо які тыдзень фактычна ў рэжыме нон-стоп сумесна працуюць каманды Белтэлерадыёкампаніі і Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза. Зараз усё даводзіцца да дасканаласці. Спецыфіка шоу такога маштабу абавязвае. Усё павінна быць распісана дэталёва і літаральна па секундах. 

Беларусы плануюць здзівіць гледачоў мноствам ноу-хау. Паводле задумкі, "Мінск-Арэна" ператворыцца ў сонечную сістэму дзіцячага "Еўрабачання-2018". Сюрпрызаў у сцэнарыі абяцаюць цэлую гару. Але падрабязнасці пакуль за сямю пячацямі.