Міжнародны фэст "Славянскі базар" афіцыйна адкрыецца заўтра

8 июля 2015

Грандыёзнае свята ў Віцебску працягваецца. На "Славянскі базар" ужо прыехалі тысячы гасцей і ўдзельнікаў. Сёлета міжнародны форум ідзе на рэкорд: фэст прыме прадстаўнікоў больш як сарока краін свету. Сёння Паўночную сталіцу Беларусі наведалі прадстаўнікі Міжнароднай федэрацыі арганізатараў фэстаў, а таксама мастакі з Паднябеснай. Падрабязнасці культурных сустрэч у Марыны Раманоўскай.

Замежная мова ў Віцебску сёння гучала адразу на некалькіх святочных пляцоўках. На "Славянскі базар" прыехалі прадстаўнікі Федэрацыі арганізатараў фестываляў з сямі краін свету. На міжнароднай сустрэчы абмеркавалі традыцыі і інавацыі фестывальнага руху.

У абласным краязнаўчым музеі таксама было шмат замежных гасцей. Тут прэзентавалі новую выставу.

На фестываль у Віцебск свае работы прывезлі 8 мастакоў Паднябеснай. У экспазіцыі – больш за 20 карцін. Усе яны выкананы ў тэхніцы традыцыйнага кітайскага жывапісу.

Шматлюдна было і ў міжнародным прэс-цэнтры. З журналістамі сустрэўся Аляксандр Алешка. На 24 фестывалі менавіта ён першым выступіў на галоўнай сцэне “Славянскага базара”.

Галоўная сцэна фестывалю была сёння і ў поўным распараджэнні Валерыя Меладзэ. З сольным канцэртам на "Славянскі базар" спявак прыехаў не ўпершыню. Расійскі артыст сабраў амаль поўны амфітэатр.

А ў гэтыя хвіліны тысячы гасцей і жыхароў Віцебска збіраюцца яшчэ на адзін сольнік. Перад фестывальнай публікай на галоўнай сцэне выступіць расійская спявачка Ірына Алеграва.