Міжнародны фестываль "Магніфікат" праходзіць у Глыбокім

3 сентября 2015

Больш за сорак фільмаў у рытме нон-стоп. Майстры кінамастацтва з 16 краін з'ехаліся на міжнародны каталіцкі фестываль хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм "Магніфікат" у горад Глыбокае. У праграме адзінаццатага па ліку фестывалю конкурсныя прагляды кінастужак, сустрэчы з рэжысёрамі і майстар-класы. Лепшыя кінастужкі вызначаць ужо сёння.

З глядзельнай залы грандыёзнага кінафестывалю рэпартаж Марыны Раманоўскай. Сустрэчы з рэжысёрамі, майстар-класы і конкурсныя прагляды кінастужак. У глядзельнай зале занятыя практычна ўсе месцы. Фільмы і тэлепраграмы на вялікім экране ў дні фестывалю тут ідуць практычна ў рытме нон-стоп.

Міжнародны кінафестываль у Беларусі праходзіць ужо адзінаццаты раз. Сёлета сюды прыехалі рэжысёры з 16-ці краін. У праграме больш за сорак дакументальных і мультыплікацыйных фільмаў.

Геаграфія пашыраецца з кожным годам. Упершыню ў фестывалі ўдзельнічае Аргенціна. Конкурсная кінастужка - сумесны праект з кінематаграфістамі з Арменіі.

Усе ўдзельнікі міжнароднага кінафестывалю - прафесіяналы ў галіне тэле- і кінамастацтва. Карла дэ Б'яза сёлета святкуе 50-годдзе творчай дзейнасці. На "Магніфікат" італьянец прыехаў трэці раз. Фільм "У вачах у Марчэла" - новае тварэнне майстра.

Гэтую каштанавую алею ў вёсцы Івесь заклалі падчас першага "Магніфіката". Кожны год сваё дрэва тут саджаюць навічкі фестывалю. І яшчэ па адной традыцыі на адзін дзень вёсачка ператвараецца ў цэнтр тэле- і кінамастацтва.

І для ўдзельнікаў, і для гледачоў "Магніфікат" не проста міжнародны фестываль. Гэта свята сапраўднага кіно, якое не мае патрэбы ў перакладзе.