Міжнародны дзень музеяў адзначае Жодзінскі краязнаўчы. У падарунак ён атрымаў два дзясяткі жывапісных партрэтаў горада

18 мая 2023

Сёння Міжнародны дзень музеяў. Сярод 160 устаноў культуры Беларусі прафесійнае свята адзначаюць і супрацоўнікі Жодзінскага краязнаўчага музея. Да гэтай даты і да 60-годдзя надання статусу горада ўстанова атрымала каштоўны падарунак: два дзясяткі жывапісных работ з адлюстраваннем Жодзіна - старога і новага. Майстры выяўленчага мастацтва намалявалі сучасныя мікрараёны і старадаўнія вулачкі сваёй малой радзімы.

Падрабязнасці ў Наталлі Бардзілоўскай.

Жывапісны партрэт роднага горада - да 60-годдзя Жодзіна

На палатне-прысвячэнні роднаму гораду мастак Алег Васько адлюстраваў менавіта той, са свайго дзяцінства, архітэктурны пейзаж. Невыпадкова ўвасобіў горад у ружовых колерах - глядзіць нібыта праз ружовыя акуляры юнацкага ўзросту. І гадзіннік у падачы аўтара без стрэлак. Таксама сімвал - падарожжа ў мінулае па-за часам, проста ілюзія.

Дваццаць мастакоў Жодзіна - удзельнікі буйнога праекта, прысвечанага Дню музеяў і юбілею горада. Конкурс-пленэр сабраў жывапісцаў, каб тыя абралі для сябе любімую мясціну і ўвасобілі яе ў фарбах. Умовы? Палатно павінна быць памерам 50 на 60 сантыметраў, намаляванае алеем. Астатняе - фантазія саміх творцаў. Арт-старэйшына Уладзімір Макараў не спыніўся на адной лакацыі. У сакавіку пакуль не сышоў снег пачаў маляваць лядовую пляцоўку - адно з папулярных месцаў адпачынку Жодзіна. Але самае кранальнае для яго - пейзаж ускраіны горада. Цяпер тут новабудоўлі, побач з якімі касцёл і праваслаўная царква.

На самой браме Жодзіна новы вельмі ўзнёслы і велічны помнік. Скульптура Прасвятой Багародзіцы - вобраза з герба заступніцы горада. Менавіта Божая Маці ў камяні натхніла на палатно Юлію Пухлякову, якая не ўтойвае: скульптурнае рашэнне ёй не зусім даспадобы - занадта змрочная, у цёмным матэрыяле падача. І мастачка вырашыла ў сваёй рабоце паказаць Дзеву Марыю ва ўласным адчуванні і ў сваіх адценнях.

Многіх гарадскіх аб'ектаў, адлюстраваных мастакамі, у рэаліях даўно няма. Іх малявалі па памяці ці па фотаздымках, тым самым зрабілі вялікую асветніцкую справу: падказалі нашчадкам, што Жодзіна - малады сучасны горад, але з каранямі "сівой даўніны".

Шэсцьдзясят гадоў мінула з моманту надання статусу горада. А ўвогуле гісторыя Жодзіна старажытная і каранямі ідзе ў 1643 год. Тады мястэчка называлася Багуслаў-Поле. Населенаму пункту спатрэбіліся толькі 22 гады, каб прырасці будоўлямі і ператварыцца ў буйны тэрытарыяльны цэнтр.

Адкрываць землякам новыя старонкі гісторыі ў краязнаўчым музее плануюць асобным праектам: моладзевым турнірам "Падарожжа па Жодзіне". Ён рэалізуецца ўжо трэці год. Сёлетні ўбачым і ацэнім  праект восенню.