Легендарная кніга Францыска Скарыны вярнулася на радзіму

17 февраля 2017

А зараз аб падзеі, якую многія паспелі назваць гістарычнай. Легендарная кніга Францыска Скарыны вярнулася на радзіму. Помнік нацыянальнай культуры "Малая падарожная кніжка" для сваёй карпаратыўнай калекцыі набыў Белгазпрамбанк. Сімвалічна, што рарытэт папоўніў айчынныя фонды ў год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Адзіныя, каму ўласнік прадэманстраваў пакупку, - здымачная група Агенцтва тэленавін. Мініяцюрны скарб буйным планам - эксклюзіў у рэпартажы Іны Пілевіч.

Больш за 10 гадоў спецыялісты Нацыянальнай бібліятэкі ў прамым сэнсе вялі паляванне на легендарнае выданне Францыска Скарыны. “Малая падарожная кніга» курсіравала па розных прыватных калекцыях, а ўладальнікі прасілі за экзэмпляр сотні тысяч долараў. Вярнуць рарытэт на радзіму атрымалася пры фінансавай падтрымцы Белгазпрамбанка.

Скарочана яе называюць «кніжыца». Надрукавана Скарынам у Вільні 495 гадоў таму. Навукоўцы лічаць, што гэта першая кніга, выдадзеная на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага, у склад якога і ўваходзілі беларускія землі. Прызначана для заможных падарожнікаў. Усё ж вазіць з сабой вялізныя фаліянты класічнай Бібліі не даводзілася магчымым. А такі мініяцюрны экзэмпляр дазваляў маліцца ў дарозе.

18 кніг пад адной вокладкай. Палова з іх мае пасляслоўе самога Скарыны. Тут у мініяцюрным фармаце «Псалтыр», акафісты, каноны. Поўных асобнікаў не захавалася і ва ўсім свеце. Самыя поўныя экзэмпляры зараз знаходзяцца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы і Каралеўскай бібліятэцы ў Капенгагене. Кніжыца аздоблена гравюрамі, застаўкамі, ініцыяламі. Кожны радок набытага рарытэта вывучылі спецыялісты – помнік знаходзіўся на адказным захаванні ў Нацыянальнай бібліятэцы. Дарэчы, гэта першая «Малая падарожная кніга» ў нашай краіне.

Апошні раз выданні Скарыны вярталіся на радзіму стагоддзе таму. На той момант да 400-годдзя нацыянальнага кнігадрукавання дзяржава набыла 10 экзэмляраў. Сёння яны захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, алічбаваны і ўвайшлі ў шматтомнае факсімільнае выданне кніжнай спадчыны першадрукара.