"Куфры Беларусі". Музей народнай архітэктуры і побыту прэзентуе новую экспазіцыю

20 июня 2020
"Куфры Беларусі". Музей народнай архітэктуры і побыту прэзентуе новую экспазіцыю - значную частку калекцыі традыцыйных куфраў, сабраную на працягу амаль 45 гадоў існавання музея. 

Аб чым могуць расказаць куфры Беларусі, што можна было вызначыць па дэкарыраванні, узорах і колерах - даведалася Ларыса Гулякевіч. Цікавыя гісторыі з жыцця сялян могуць расказаць беларускія куфры. Яны з цягам часу перабраліся з пакояў на гарышчы, саступіўшы месца сучаснай мэблі. Некалі бабулін скарб,  сёння куфар - не проста музейны экспанат, а сімвал утульнасці і аўтэнтыкі. 

Раней куфар у хаце выконваў не толькі ролю шафы ці камода, іншы раз нават служыў ложкам ці лаўкай. А галоўнае, захоўваў самыя каштоўныя тады рэчы - пасцельную бялізну, ручнікі, абрусы, сурвэткі, сатканыя ці вышытыя ўручную. 

У  калекцыі  каля 70 куфраў, але пакуль для экспазіцыі аднавілі і адрэстаўравалі толькі 25. Музейныя экспанаты захоўваюцца ў аўтэнтычных будынках – архітэктурных помніках нашай краіны. 

У кожнага куфра  свая гісторыя і нават радаслоўная. Па іх можна нават вывучаць геаграфію Беларусі. Так, напрыклад, куфар, размаляваны кветкамі і букетамі - з усходняга Палесся, аздоблены    адштампаванымі геаметрычнымі ўзорамі - з Віцебскага регіёна. Дарэчы, штампы рабілі з бульбы ці рэпы, акуналі іх у мінеральныя фарбы - у выніку атрымліваўся рознакаляровы роспіс.

Увагу на сябе звяртаюць і вясельныя куфры. Раней да шлюбу дзяўчыну рыхтавалі з дзяцінства і пачыналі збіраць пасаг. Каля 150 гадоў таму маладыя дзяўчаты перад вяселлем у драўляным куфры захоўвалі свой пасаг, які між тым з'яўляўся доказам працавітасці дзяўчыны і заможнасці яе сям'і.  Маладая сваімі рукамі вышывала бялізну, сукенкі і  нават кашулю для будучага мужа. Вышытае багацце з куфра нявесты з гонарам паказвалі сватам і гасцям. Святочнай атмасферы вяселлю тых часоў  дадавалі сельскія музыкі.