Мастацкі праект "Чырвоная кніга" прэзентаваны ў галерэі "Высокае месца"

13 июля 2020
"Чырвоная кніга" як мастацкі твор. Два маладыя беларускія аўтары Марына Жвірбля і Фёдар Шурмялёў па-свойму раскрываюць тэму экалогіі. Свой праект з 80 графічных работ яны прадэманстравалі ў сталічнай арт-гасцёўні. На адкрыцці пабывала наш карэспандэнт Ларыса Гулякевіч.

Белае на белым. Гэта папуляцыі дзесяці відаў жывёл, якія знікаюць на планеце. Відарысы насарога, тыгра, рэдкіх рэптылій проста выцісненыя на белай паперы. Дзякуючы такому мастацкаму прыёму жывёлы на старонках кнігі ледзь праглядаюцца і нібы раствараюцца. Такім творчым чынам аўтары занеслі іх у сваю "Чырвоную кнігу".


Праект "Чырвоная кніга. Жывёлы" прэзентаваны двума маладымі творцамі


Яны не ўражваюць вялікімі лічбамі знікаючых відаў, а ўздзейнічаюць на свядомасць. Пры дапамозе выяўленчых сродкаў мастацтва. Напрыклад, такіх як цісненне на паперы. Побач з кожнай ілюстрацыяй - прычына знікнення канкрэтнага віду. Такі метад выкарыстаны і для тэкстаў пад ілюстрацыямі: у канцы сказа літары святлеюць, і складаецца ўражанне, што радкі знікаюць са старонкі. Лаканічнае афармленне кнігі дазваляе засяродзіцца на галоўнай думцы твора. 

Праект дапаўняе серыя літаграфій "Апошні... ". У ёй выпускнік Акадэміі мастацтваў Фёдар Шурмялёў разважае пра неабходнасць захавання жывой прыроды і ролі чалавека ў гэтым працэсе.

А гэта яго дыпломны кніжны праект "Знакі задыяка", падзелены на чатыры стыхіі. За аснову тэкстаў і ілюстрацый Фёдар узяў старажытнагрэчаскую міфалогію. У экспазіцыі "Чырвоная кніга" - амаль 80 эстампаў, выкананых у тэхніках афорт і літаграфія. 

Серыя афортаў "Камяні і кветкі" - яшчэ адна старонка праекта "Чырвоная кніга". Марына Жвірбля зрабіла гэтыя работы на аснове ўражанняў ад падарожжаў па Беларусі, ілюстравала страчаныя помнікі архітэктуры як сведкаў нашай гісторыі.