Найстаражытнейшыя магільныя скляпы і галерэі выявілі ў Спаса-Праабражэнскай царкве ў Полацку

29 июня 2017

У Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку выяўленыя найстаражытнейшыя магільныя скляпы і галерэі. І калі звычайна падобныя падзеі прыадкрываюць таямніцы, у гэтым выпадку ў даследчыкаў стала яшчэ больш загадак. Навукоўцы не першы год даследуюць найстаражытнейшы храм, збудаваны паводле праекта Еўфрасінні Полацкай. Зараз ужо дакладна вядома, што сакральны помнік архітэктуры выглядаў зусім інакш. Алена Борматава - пра навуковыя даследаванні і аднаўленне храма.

Над захаванасцю Спаскага храма сумесна працуюць археолагі, гісторыкі, рэстаўратары з Полацкага дзяржуніверсітэта, спецыялісты з Мінска і Дзяржаўнага Эрмітажа Расіі. 90% работ па рэстаўрацыі помніка архітэктуры XII стагоддзя - гэта першым чынам даследаванні.

Гэты сезон у асноўным разлічаны на правядзенне вонкавых работ - здыманне позняга цэментавага тынку на ніжніх частках храма на ўзроўні двух з паловай метраў ад зямлі. Справа ў тым, што цэмент стварае эфект поліэтылену або парніка. Таму такая ўвага гідраізаляцыйным і дрэнажным работам.

Здыманне позняга цэментавага тынку дазволіць дыхаць старажытным сценам. Таксама адкрываецца аўтэнтычны мур XII стагоддзя і тынк таго перыяду. Магчыма, з роспісамі, якія часткова захаваліся. Ужо знайшлі і вонкавыя насценныя запісы, над вывучэннем якіх зараз працуюць спецыялісты.

Спаскі храм - гэта сапраўдная бібліятэка аўтографаў нашых продкаў. Падобныя графіці сустракаюцца на сценах шматлікіх праваслаўных храмаў Сярэднявечча. І сёння дзякуючы ім можна зрабіць не адно навуковае адкрыццё. Да прыкладу, у Беларусі пісьмовых крыніц таго перыяду не захавалася, і толькі насценныя запісы могуць праліць святло на раней невядомыя факты. Да прыкладу, па адкрытых і знойдзеных графіці на сценах Спаскага храма атрымалася ўстанавіць імёны адразу некалькіх ігуменаў манастыра.

Дарэчы, пісаць на храмавых сценах забаранялася. Аж да таго што пакіданне пасля сябе своеасаблівага аўтографа прыраўноўвалася да пасечання крыжа або разрабавання магіл. Тым не менш жаданне пакінуць пасля сябе які-небудзь надпіс было настолькі вялікае, што людзі грэбавалі ўсякай забаронай. Толькі ў Спаскім храме знойдзена каля чатырох тысяч старажытных графіці. Парадаксальна, але тое, што было забаронена, сёння спрыяе адкрыццю гістарычных сенсацый. Так, акрамя будаўніка Спаскага храма Іаана, навукоўцы ўстанавілі яшчэ адно імя стваральніка архітэктурнага помніка.

У самім храме ўсталяваныя датчыкі, якія сочаць за тэмпературна-вільготнасным рэжымам. Пры павышэнні вільгаці магчыма забарона для наведвання Спаскай царквы для турыстычных груп. Таксама мяркуецца замяніць бетонавыя пліты каля храма на гальку для паляпшэння гідраізаляцыі.