Кірмаш інавацый Smart patent прайшоў у Мінску

3 декабря 2016

Экзашкілет, незгаральны дом і першы беларускі аватар! Кірмаш інавацый Smart patent сабраў у Мінску стваральнікаў прагрэсіўных ідэй, прадуктаў і патэнтаў. У форуме прынялі ўдзел больш за дзвесце аўтараў, якія паказалі 88 арыгінальных праектаў. Распрацоўкі ў сферах медыцыны, біятэхналогій, ІТ, энергетыкі, прамысловасці ацанілі эксперты-навукоўцы і патэнцыяльныя інвестары. Галоўная ідэя форуму - камерцыялізацыя інавацыйных ідэй. Ці можна знайсці інвестара за адзін дзень? Надзея Сербіненка пазнаёмілася з наватарамі. 

Кірмаш інавацый - выдатная пляцоўка для пошуку інвестараў і новых бізнес-партнёраў. Сёлета дыяпазон праектаў значна пашырыўся: да традыцыйных распрацовак у сферах адукацыі, медыцыны, біятэхналогій дадаліся інавацыі ў прамысловасці і гейм-індустрыі.

Першы беларускі аватар прэзентуюць інжынеры Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай творчасці. Сістэма стварае дапоўненую віртуальную рэальнасць. Рухі, міміку і жэсты чалавека дубліруе яго камп'ютарны двайнік. Тэхналогія можа выкарыстоўвацца не толькі ў гейм-індустрыі: карыснай яна будзе і для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Большасць распрацовак - у галіне медыцыны. У іх ліку і першы беларускі экзашкілет. Пакуль гатовая толькі міні-версія рэальнага праекта. Але праз год каманда распрацоўшчыкаў плануе выпусціць аўтаномныя штаны-каркас. Першым такое адзенне выпрабуе Аляксандр Аўдзевіч. Інвалід-калясачнік з Ліды, вядомасць якому прынесла падарожжа па Еўропе на 4 000 кіламетраў на хэндбайку. Ён жа з'яўляецца і суаўтарам амбіцыёзнага праекта.

88 праектаў і 60 навуковых арганізацый. Сёлета кірмаш інавацый сабраў больш за дзвесце ўдзельнікаў. Гэта распрацоўшчыкі 3D-прынтараў, энергазберагальных усталёвак і робататэхнікі. У кожнага - гатовы прадукт, патэнт ці ідэя, якая яшчэ патрабуе рэалізацыі.

Прыцягнуць грошы ў навуку - галоўная ідэя кірмашу. Таму форум праходзіць у фармаце “бізнес для бізнесу”. Для ўдзельнікаў створаныя адзіныя ўмовы - стэнды адкрыты для ўсіх зацікаўленых. Уласную распрацоўку ў намінацыі "Засцярога ад надзвычайных сітуацый"  прапанавалі аспіранты ўніверсітэта МНС. Свой незгаральны дом яны зрабілі з інавацыйных матэрыялаў. Дах, сцены, падлога і нават фіранкі ў ім апрацаваны адмысловым вогнеўстойлівым растворам.

У якасці запрошанага эксперта на кірмашы выступае расійскі інавацыйны фонд "Сколкава". Арганізацыя займаецца пошукам і фінансаваннем прагрэсіўных ідэй і тэхналогій па ўсім свеце. Многія распрацоўкі беларускіх наватараў  ужо зацікавілі прадстаўнікоў фонду.

Лепшыя інавацыйныя праекты атрымалі гранты ад спонсараў і магчымасць стаць рэзідэнтамі Мінскага гарадскога тэхнапарка. А камандзе тэхналагічнага ўніверсітэта дастаўся спецпрыз - сертыфікат на навучанне ў Міжнароднай школе прадпрымальніцтва.