Віцебскі алейна-экстракцыйны завод завяршыў мадэрнізацыю

23 января 2016

За апошнія 10 гадоў прадпрыемства поўнасцю аднавілася, магутнасці выраслі амаль удвая. Сёння галоўная мэта - нарошчваць экспартныя пастаўкі. Гэтаму паспрыяюць новыя віды прадукцыі. Тут ужо рыхтуюць да ўводу лінію і думаюць над выпускам высакапробнага рапсавага алею. Па цэхах завода прайшоўся Артур Смалякоў.

Гэты завод пачаў працаваць у 1931-м. Выраблялі тады толькі льняны алей і выключна прэсам. Ляцеў час, змянялася абсталяванне, нарадзілася знаёмая назва, а ў канцы 20 стагоддзя перайшлі на рапс. За сваю гісторыю АЭЗ перажыў шмат розных падзей. Важна адно. Сёння Віцебскі алейна-экстракцыйны завод - найбуйнейшы вытворца расліннага алею ў Беларусі.

Мадэрнізацыя на Віцебскім алейна-экстракцыйным наспела ў 2007-м. Зношанасць абсталявання была крытычнай і словы пра тое, што прадпрыемства трэба зачыняць, гучалі ўсе часцей. З новай англійскай тэхнікай завод атрымаў новае жыццё. Праз 4 гады магутнасці перапрацоўкі на АЭЗе дасягнулі 300 тон насення ў суткі.

Сёння прадпрыемства вырабляе 45 тысяч тон расліннага алею за год. Яго рэальныя магутнасці - 405 тон за суткі. Але на заводзе ўпэўненыя - галоўнае - якасць. Зараз віцебскае прадпрыемства вырашае: як атрымаць прынцыпова новы для Беларусі від высакапробнага рапсавага алею. Магчыма, з адказам дапаможа мясцовая лабараторыя, якую зусім нядаўна абсталявалі сучаснай тэхнікай.

Праца па высокім стандарце неабходна для замацавання на сусветных рынках. За апошнія гады карта паставак прадпрыемства пашырылася. Прадукцыю ведаюць палякі, немцы, прыбалты, швейцарцы і скандынавы.

Хутка на заводзе пачне працаваць лінія па грануляванні шроту з рознымі дабаўкамі. На прадпрыемстве перакананы: трэба не даганяць, а апярэджваць час. Сучасны рынак адкрыты для новых відаў прадукцыі.