Віцебск. Указ па адукацыі - змяненні

14 января 2017

Уступная кампанія ў Беларусі сёлета будзе праходзіць па новых правілах. Па-першае, сертыфікаты, атрыманыя па выніках ЦТ, будуць мець сілу не адзін, а два гады. А колькасць рэзервовых дзён для праходжання экзаменаў павялічыцца да трох. У 11-класнікаў і іх бацькоў дастаткова часу, каб азнаёміцца з новаўвядзеннямі і выбраць стратэгію дзеянняў на найбліжэйшае лета.

Расказвае Вольга Маслоўская.

Дарэчы, новыя правілы паступлення – самая папулярная тэма размоў у школьных калідорах. Сёлетні выпускнік Андрэй Астахаў гаворыць, што абавязкова скарыстае магчымасць дадаткова здаць тэст па чацвертым прадмеце.

І нават праз год магчымасць зрабіць манеўр застаецца. Сертыфікаты, атрыманыя ў 2017 годзе і пазней, будуць мець сілу на працягу дзвюх уступных кампаній. Хто застаўся па-за спісамі студэнтаў, на будучы год можа прайсці выпрабаванні толькі па тых прадметах, па якіх атрымаў нізкі бал. А сертыфікаты з выдатнымі вынікамі скарыстаць зноў.

А вось выпускнікі - не ўсе, а толькі выдатнікі – педагагічных класаў стаць студэнтамі педагагічных ВНУ змогуць, мінаючы тэсты. Замест іх – суразмова. У Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя Машэрава выкладчыкаў рыхтуюць больш як стагоддзе. Цесна супрацоўнічаюць з профільнымі класамі, а таму і без іспытаў ведаюць, хто чаго каштуе.

У Віцебскай вобласці працуюць 23 педагагічныя класы. Адзін з іх – у чацвёртай школе абласнога цэнтра. Школьныя дысцыпліны будучыя настаўнікі вывучаюць на паглыбленым узроўні. А пераканацца ў тым, што выбар прафесіі непамылковы, дапамагае факультатыўны курс “Уводзіны ў  педагогіку”.

Льготнікам з педкласаў пасля заканчэння ВНУ дзяржава прапануе першае працоўнае месца. Адпрацаваць па размеркаванні малады выкладчык павінен не менш як пяць гадоў. Той, хто асэнсавана зрабіў выбар на карысць гэтай прафесіі, бачыць у гэтым толькі плюсы.

Але ў планы нават самых мэтанакіраваных абітурыентаў часам умешваецца лёс. У дні ўступнай кампаніі можна і захварэць. Новыя правілы прадугледжваюць тры (замест аднаго) рэзервовыя дні для тэсціравання. Гэта яшчэ адно новаўвядзенне і зноў, як кажуць будучыя выпускнікі, са знакам плюс.