У Віцебску у футбол гуляюць на роліках

12 ноября 2016

У самым паўночным рэгіёне краіны паспяхова асвойваюць незвычайны спорт. Зараз ідзе пошук для спарынгаў, каб арганізаваць спаборніцтвы. Як экстрэмалы рыхтуюцца да турніру, ведае Артур Смалякоў.

Спартыўны вынік тут не галоўнае. У прыярытэце драйв і эмоцыі. Тры гады таму два сябры пашырылі праграму прагулак на роліках і ўзялі з сабой футбольны мяч. Менавіта ў той дзень у Віцебску зарадзіўся ролерсокер.

У футбол на роліках у свеце гуляюць даўно. Але першы афіцыйны чэмпіянат прайшоў у 2003 годзе. Віцебская каманда па ролерсокеры пад назвай «Вортэкс» пакуль адзіная ў Беларусі. Спарынг з прафесіяналамі для спартсменаў - запаветная мара. Месяц таму яна ажыццявілася ў Пецярбургу. Вынік візіту ў Расію - таварыскі матч з мясцовымі экстрэмаламі і незабыўныя эмоцыі.

Сілавыя прыёмы і падкаты ў гэтым варыянце футбола забаронены, але здараецца ўсялякае. Любы кантакт – і траўма забяспечана. Таму гуляць у шлемах і накаленніках спартсменам нясорамна.

Гэты від спорту не проста экстрым, а і выдатны спосаб навучыцца катацца на роліках. Нават больш эфектыўны, чым урокі з інструктарам.

Футбольныя правілы на хакейных хуткасцях. У Віцебскі клуб прымаюць спартсменаў любога ўзросту, а на пляцоўцы побач з моцнымі мужчынамі гуляюць мініяцюрныя дзяўчаты.