У руках гомельскага архітэктара нараджаюцца лялькі з дрэва, гліны, пластыку і тканіны

16 февраля 2019

Незвычайныя аўтарскія работы ад гомельскага архітэктара. З дрэва, гліны, пластыку і тканіны ў руках Кацярыны Мінаковай нараджаюцца лялькі. Кожны рукадзельны вобраз - са сваім характарам і гісторыяй. Імя аўтара на слыху. У скарбонцы - перамогі ў міжнародных праектах, выставы ў Беларусі, Расіі, краінах Еўропы. Многія работы - у прыватных калекцыях замежжа. З майстрам лялечнай справы пазнаёмілася Ганна Кавалёва.

Лялька па мянушцы Эма - паўнавартасны член сям'і. Яе “тата Карла” - Кацярына Мінакова - прафесійны архітэктар і лялечны майстар з 6-гадовым стажам. За гэты час вырабіла больш як 150 лялек. Большасць з іх - прататыпы сусветных зорак, гераіні бестсэлераў і легендарных казак. Перад стварэннем новай лялькі майстар вывучае літаратуру, гістарычныя факты і нават музыку той эпохі, з якой суадносіцца будучы вобраз.

Для некаторых лялек аўтар праводзіць прафесійныя фотасесіі. Дарэчы, нават частка крытыкаў лічаць яе лялькі занадта адушаўлёнымі і нават жывымі. У арсенале Кацярыны - дзясятак базавых тэхнік, аднак ёсць і аўтарскія сакрэты, якія і дапамагаюць удыхнуць жыццё ў тую ці іншую работу.

Рукі, дарэчы, самы складаны элемент. Увогуле, на стварэнне лялечнага тулава нават у вопытнага майстра можа пайсці цэлы месяц. Калі часткі гатовыя, яны адпраўляюцца ў спецыяльную духоўку, дзе апякаюцца пры тэмпературы 130 градусаў. Затым - роспіс. Звычайна ў распрацоўцы Кацярыны адразу некалькі прац адначасова. Адводзіць час гэтаму даводзіцца кожны дзень. Галоўныя гледачы працэсу і прыхільнікі творчасці - двое дзяцей Кацярыны, а група падтрымкі - муж Дзмітрый.

У барацьбе за некаторыя работы Кацярыны прыватныя калекцыянеры арганізоўвалі цэлыя аўкцыёны. Увогуле, яе стыль высока ацанілі ў культурнай сталіцы Расіі і ў краінах Еўропы, куды яе лялькі падарожнічалі для ўдзелу ў буйных экспазіцыях і конкурсах. А прыкладна праз месяц работы гомельскай майстрыхі чакаюць ужо ў Маскве на міжнароднай выставе «Вясновы баль лялек».