У Маладзечанскім раёне знайшлі званы, якія былі захаваны з пасляваенных гадоў

19 мая 2018

Гісторыя са сцэнарыем для кінафільма. У пасляваенныя гады побач з вёскай Шапавалы ў Маладзечанскім раёне вернікі закапалі званы. Яны мусілі трапіць на металалом пасля арышту святара мясцовага касцёла. Дзесяцігоддзі відавочцы падзей шукалі духоўныя скарбы, і вось толькі цяпер пошукавая экспедыцыя скончылася поспехам. Наталля Кузьміцкая - аб вяртанні страчаных каштоўнасцяў.

Складана ўявіць, што на месцы гэтага бязмежнага поля быў хутар і паселішчы. Пад дрэвамі, якія выраслі на месцы гаспадарчых пабудоў, 70 гадоў захоўваўся таямнічы скарб.

Гэта гісторыя распачалася яшчэ ў 1948 годзе ў вёсцы Дубрава. Пасля таго як мясцовага святара Яна Такарскага рэпрэсавалі, касцёл, як і многія храмы ў той час, закрылі. Маёмасць магла быць разрабавана, таму вернікі вырашылі ўратаваць рэлігійныя каштоўнасці.

Дзесяцігоддзямі Уладзіслаў Лапо спрабаваў адшукаць тыя самыя касцёльныя званы, якія даверылі схаваць яго сям’і. Вакол таго месца, якое ўзгадваў мужчына, перакапалі ўсю зямлю, але некалькі пошукавых груп так нічога і не знайшлі. Зварот да спецыялістаў прыборнага пошуку быў апошняй надзеяй. Праз 70 гадоў маўчання гэтыя духоўныя скарбы зноў зазванілі.

А вось і той самы касцёл - Успення Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Гісторыя храма, дарэчы, не менш цікавая за лёс яго званоў. Касцёл быў узведзены ў 1805 годзе, перажыў тры вайны і некалькі разоў перабудоўваўся: у 1868 у праваслаўную царкву, ў 1919 ізноў у каталіцкі касцёл. На жаль, зараз захаваліся толькі яго рэшткі.

Сюды ў 1954 пасля 8 гадоў зняволення вярнуўся рэабілітаваны святар Ян Такарскі. Касцёл не дзейнічаў, на яго месцы размяшчаўся склад. Ксёндз быў вымушаны пераехаць у Ракаў, дзе і знайшоў свой апошні прытулак.

Нягледзячы на ўсе выпрабаванні, святар ніколі не адмаўляўся ад сваіх абавязкаў і веры. Марыя Фралова дагэтуль памятае, як нягледзячы на забароны бегала на службы, як айцец Ян хрысціў яе дачку.

Святар пахаваны ў Ракаве на каталіцкіх могілках ля капліцы святой Ганны, дзе ён і адпраўляў службы. Цяпер гісторыю гэтага адданага свайму пакліканню чалавека будуць расказваць не толькі мясцовыя старажылы, але і тыя самыя званы.

Цяпер ужо з вежаў касцёла Святога Францішка Асізскага. Храм зараз узводзяць у Мінску.